Да 500-годдзя Скідзель поўнасцю змяніў сваё аблічча. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў старшыня Скідзельскага гарвыканкама Аляксандр Вітко.
Да святкавання юбілею горад пачаў рыхтавацца загадзя. Тут былі праведзены маштабныя работы па рэканструкцыі і добраўпарадкаванню: заасфальтаваны дарогі, зроблены газоны і разбіты кветнікі, тратуары выкладзены пліткай, змянілі свой знешні выгляд аб'екты сацыяльнай сферы.
У гарадскім парку з'явілася бронзавая кампазіцыя "Клёкат буслоў", а таксама фантан у выглядзе шара. У мармур былі "апрануты" п'едэсталы помнікаў У.І.Леніну і скідзельскім камсамольцам-падпольшчыкам. У цэлым на рэканструкцыю і добраўпарадкаванне Скідзеля было затрачана больш як Br30 млрд. са сродкаў абласнога і мясцовага бюджэтаў, а таксама прадпрыемстваў. Толькі на прывядзенне ў парадак помнікаў выкарыстана каля Br300 млн. Усяго рэканструкцыя закранула 130 аб'ектаў.
Свята пройдзе 11-12 кастрычніка. Павіншаваць юбіляра прыедуць пераможцы і ўдзельнікі дзіцячага "Еўрабачання" з канцэртам "Дарога на Еўрабачанне". Сярод іх Ксенія Сітнік, Андрэй Кунец, Аляксей Жыгалковіч. У горадзе адбудуцца і іншыя канцэрты з удзелам зорак беларускай і расійскай эстрады. Пройдуць паказальныя выступленні байцоў спецназа, конкурс лесарубаў, шоу асілкаў, розныя выстаўкі і нават турнір "Рыцарская сага-500", паведамляе БЕЛТА







Каментары