Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка (16-ы нумар сусветнага рэйтынгу) выйшла ў 1/8 фіналу турніру East West Bank Classic у Лос-Анжэлесе (прызавы фонд — 600 тысяч долараў).
23 ліпеня ў матчы другога круга "пасеяная" пад 8-м нумарам В.Азаранка перамагла прадстаўніцу Тайваня Юнь-Ян Чан (71) — 6:1, 6:3.
У наступным крузе саперніцай В.Азаранкі стане аўстралійка Саманта Стосур (87). Паміж сабой тэнісісткі сустракаліся адзін раз — у 2005 годзе на турніры ў Нью-Хэйвене перамагла беларуска.
Раней у 1/8 фіналу выйшла яшчэ адна беларуская тэнісістка Вольга Гаварцова (43). У матчы за выхад у чвэрцьфінал яна сустрэнецца з амерыканкай Бетані Матэк (59), якая ў другім крузе выбіла з бараьбы 11-ю "сеяную" чэшку Ніколь Вайдзішаву (22). У вочным супрацьстаянні В.Гаварцовай і Б.Матэк лік пакуль нічэйны. Тэнісісткі сустракаліся двойчы ў мінулым годзе: на турніры ў Індыян Харбур Біч перамагла амерыканка, а ў Нью-Хэйвене — беларуска.
Матчы 1/8 фіналу з удзелам В.Гаварцовай і В.Азаранкі пройдуць сёння.
У парным разрадзе беларускі дуэт Вольга Гаварцова/Дар'я Кустава выбыў з барацьбы пасля першага ж круга і ўступіў кітайска-расійскай пары Шуай Пень/Надзя Пятрова — 1:6, 4:6, паведамляе БелаПАН.






