24-07, 15:02

У канцы жніўня ў Беларусі ўпершыню пройдзе Фестываль хакея

21—31 жніўня ў Беларусі ўпершыню пройдзе Фестываль хакея. Як паведамляе інтэрнет-сайт Федэрацыі хакея Рэспублікі Беларусь, фестываль прымеркаваны да 100-годдзя Міжнароднай федэрацыі хакея (ІІХФ) і Года здароўя.

Праграма фестывалю ўключае ў сябе тры міжнародныя турніры — два з удзелам юніёрскіх зборных (U-16 і U-18) і аматарскі турнір, матч прадстаўніка Беларусі ў Кантынентальнай хакейнай лізе (КХЛ) мінскага "Дынама" з пераможцамі Кубка Беларусі, а таксама трэнерскі семінар і дні адчыненых дзвярэй ва ўсіх лядовых палацах краіны.

Турнір юніёрскіх зборных (узрост гульцоў да 18 гадоў) пройдзе 26—28 жніўня ў Бабруйску і Жлобіне. Зборнай Беларусі будуць супрацьстаяць каманды Расіі, Латвіі і хакейнай школы Spisska Nova Ves са Славакіі.

Турнір юніёрскіх зборных (узрост гульцоў да 16 гадоў) пройдзе 29—31 жніўня ў Мінску на лёдзе Крытага катка ў парку імя Горкага. Аспрэчваць прызы турніру будуць зборныя Беларусі, Аўстрыі, Татарстана, а таксама амерыканская каманда "Пітсбург Вайпер Старз", трэніруе якую былы гулец нацыянальнай зборнай Беларусі Юрый Крывахіжа.

Турнір аматараў збярэ каманды Беларусі, Германіі, Расіі, Фінляндыі, Аўстрыі, Славакіі, ЗША і зборную ІІХФ. Усе матчы гэтага турніру пройдуць з 27 па 31 жніўня на лёдзе мінскага Палаца спорту і Лядовага палаца на вул. Прытыцкага.

21 жніўня ў мінскім Палацы спорту адбудзецца прэзентацыя мінскага "Дынама", якое рыхтуецца да старту ў КХЛ. Арганізатары абяцаюць маляўнічае шоу, завяршэннем якога будзе матч паміж "Дынама" і клубам, які стане ўладальнікам Кубка Беларусі (канкрэтная каманда стане вядомая 18 жніўня).

Дні адчыненых дзвярэй у лядовых палацах краіны пройдуць 31 жніўня, паведамляе БелаПАН.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя