Пасля заканчэння лёсавання групавога этапу футбольнай Лігі чэмпіёнаў яго вынікі пракаментавалі прадстаўнікі сапернікаў барысаўскага БАТЭ ў групе Н.
Як аведамляе сайт УЕФА, спартыўны дырэктар мадрыдскага "Рэала" Прэдраг Міятавіч зазначыў, што ў такім турніры нічога нельга прадказаць. "Каб выйграць Лігу чэмпіёнаў, трэба перамагаць лепшых з лепшых. Магчыма, нават больш выгадна трапіць у складаную групу, каб адразу праявіць сябе і ўнушыць страх сваім апанентам", — сказаў П.Міятавіч. Паводле яго слоў, "Ювентус" вельмі моцны, да таго ж турынцы не ўдзельнічалі ў апошняй Лізе чэмпіёнаў. "Зеніт" знаходзіцца ледзь ці не ў ідэальным становішчы. Гэта ўладальнік Кубка УЕФА, які пазмагаецца за Суперкубак УЕФА. "БАТЭ таксама трэба паважаць, бо ён можа прычыніць непрыемнасці", — заявіў спартыўны дырэктар "Рэала".
Галоўны трэнер "Ювентуса" Клаўдзіо Раньеры лічыць, што ў групе будзе цяжка ўсім камандам. "Згуляць з "Рэалам" на "Санцьяга Бернабеў" заўсёды прыемна, нават калі вас ужо даводзілася выходзіць на газон гэтага стадыёна. "Зеніт" пакуль не вызначаўся ў чэмпіянаце Расіі, што мяне здзівіла: мінулы сезон гэтая каманда правяла проста цудоўна. Нядаўна піцерцы набылі партугальца Дані за 30 млн. еўра, а гэта ж быў адзін з лепшых футбалістаў расійскага першынства. Гэта шмат гаворыць аб амбіцыях "Зеніта". БАТЭ таксама добрая каманда", — сказаў К.Раньеры.
Паводле слоў генеральнага дырэктара "Зеніта" Максіма Мітрафанава, камандзе дасталіся вельмі добрыя сапернікі. "Гэта нас ні ў якім выпадку не палохае, хоць і слова "радуе" таксама цяжка прымяніць. Наша задача — расці далей. А гэта якраз тыя сапернікі, з якімі мы можам гуляць на годным узроўні і дэманстраваць усім свой клас. Мы павінны разлічваць на выхад з групы. Я б не стаў рабіць прагнозаў, але думаю, што магчымы сюрпрызы. У матчах з "Вільярэалам", "Баерам" або "Баварыяй" усе рабілі стаўку на тое, што "Зеніт" прайграе. Тым не менш ён стаў уладальнікам Кубка УЕФА і мае намер умацаваць пазіцыі", — падкрэсліў М.Мітрафанаў.
Афіцыйны сайт "Зеніта" прыводзіць словы галоўнага трэнера Дзіка Адвакаата: "Канешне, лёсаванне нялёгкае, магло быць нашмат зручнейшым. Але ўсё не так кепска, як здаецца. Нягледзячы на першае ўражанне, кожная каманда ў нашай групе можа перамагчы іншую. Згуляць з такімі сапернікамі, як "Ювентус" і "Рэал" — вялікі гонар і велізарны вопыт для нашай маладой каманды".
Галоўны трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка назваў групу "фантастычнай". "Радасць і вялікі гонар для нас, што ў Беларусь прыедуць такія тытулаваныя клубы, — сказаў Віктар Ганчарэнка. — "Рэал" і "Ювентус" — самыя паспяховыя каманды Іспаніі і Італіі, сапраўдныя зборныя свету. Іх колеры абараняюць гульцы найвышэйшага ўзроўню, сапраўдныя зоркі. Ды і "Зеніт" — леташні ўладальнік Кубка УЕФА — вельмі цікавы калектыў. Вялікая ўдача, што беларускія балельшчыкі на свае вочы атрымаюць асаладу ад гульні сапернікаў такога калібру. Канешне, прагназаваць перамогу над такім сур'ёзным сапернікамі вельмі цяжка. Але, абяцаю, у кожным паядынку будзем змагацца. Здавацца без бою не збіраемся".
Першы тур у групе Н пройдзе 17 верасня. "Рэал" прыме БАТЭ, а "Ювентус" — "Зеніт", паведамляе БелаПАН.






