"БАТЭ шакаваў "Ювентус" — пад такім загалоўкам размешчана на сайце УЕФА справаздача аб матчы Лігі чэмпіёнаў паміж беларускім і італьянскім клубамі, які завяршыўся ўнічыю 2:2.
"Дамашні дэбют БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў УЕФА прынёс вынік, якога не чакаў ніхто: барысаўчане ў паядынку з "Ювентусам" павялі з лікам 2:0, але ў выніку былі вымушаны здаволіцца нічыёй, — зазначае аўтар матэрыялу. — Клуб з Барысава першым у гісторыі сваёй краіны прабіўся ў групавы этап Лігі чэмпіёнаў, але гэтым падапечныя Віктара Ганчарэнкі не абмежаваліся. У поўным падзей паядынку з грандамі з Турына сціплыя гаспадары ледзь не стварылі сенсацыю, здзівіўшы саперніка смелымі дзеяннямі ў атацы".
"Барысаўчане да апошняга не пакідалі думкі аб перамозе і ўжо ў дабаўлены час ледзь не прабілі Манінгера яшчэ раз. У любым выпадку Ганчарэнка і яго каманда атрымалі цудоўную — і чарговую! — падставу ганарыцца сваёй гульнёй", — зазначае сайт Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый, паведамляе БелаПАН.






