25-ы Міжнародны марафон праходзіць 4 кастрычніка ў Маларыце (Брэсцкая вобласць).
Як паведаміў БелаПАН галоўны суддзя спаборніцтваў Мікалай Германюк, у марафоне бяруць удзел больш як тысяча аматараў бегу з Беларусі, Украіны і Расіі рознага ўзросту — ад дзяцей да пенсіянераў.
Сярод удзельнікаў юбілейнага марафону ёсць тыя, хто выходзіць на старты ўсе 25 гадоў яго правядзення.
У праграме марафону: бег — на 300 метраў (выхаванцы дзіцячых садкоў); 2.000 метраў — (школьнікі да 14 гадоў, дарослыя 60—69 гадоў, 70—79 гадоў, 80 гадоў і старэйшыя), 15 км (у дзесяці ўзроставых групах) і 42 км 195 м (у шасці ўзроставых групах).
Апрача таго, падчас марафону адбудзецца чэмпіянат Брэсцкай вобласці па эстафетным бегу (8х1 км), і чэмпіянат Маларыцкага раёна па эстафетным бегу сярод агульнаадукацыйных школ і ПТВ (6х1 км).
Пераможцы і прызёры будуць узнагароджаныя на ўсіх дыстанцыях у кожнай узроставай групе. Апрача таго, прызы прадугледжаны для ўсіх удзельнікаў, якія фінішуюць на дыстанцыі 42 км 195 м, а таксама для самага старэйшага і юнага ўдзельнікаў марафону.
Арганізатары спаборніцтваў — аддзел фізкультуры, спорту і турызму Маларыцкага райвыканкама, упраўленне фізкультуры, спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама, Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі, Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь.
Паводле слоў М.Германюка, марафон праводзіцца з мэтай папулярызацыі здаровага ладу жыцця, прыцягнення насельніцтва рэспублікі да заняткаў аздараўленчым бегам, фізічнай культурай і спортам, выяўлення спартыўных талентаў, а таксама развіцця міжнародных спартыўных сувязяў.
Як зазначыў галоўны суддзя спаборніцтваў, многія спецыялісты лічаць Маларыцкі міжнародны марафон адным з лепшых у рэспубліцы. Традыцыйна ён праводзіцца ў межах святкавання Дня горада, паведамляе БелаПАН.







Каментары