Абнародаваны новы рэйтынг WTA (Жаночая тэнісная асацыяцыя). Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка знаходзіцца на 17-й пазіцыі. У сотню лепшых увайшла яшчэ адна беларуска Вольга Гаварцова, але з 44-й пазіцыі яна апусцілася на 46-ю.
Наша суайчынніца Настасся Якімава страціла 4 пункты і заняла 124-е месца. У другой сотні аказаліся таксама беларускі Кацярына Дзегалевіч (134-я) і Таццяна Пучак (183-я).
Першай жа ракеткай свету стала сербка Алена Янкавіч, якая абышла амерыканку Серэну Уільямс. Трэцяе месца за сабой захавала расіянка Дзінара Сафіна. У чэмпіёнскай гонцы сітуацыя істотна не змянілася. Лепшая з беларусак Вікторыя Азаранка займае 16-ю пазіцыю.
Цяпер вядучыя тэнісісткі планеты прымаюць удзел у Кубку Крамля, які праходзіць з 4 па 12 кастрычніка ў Маскве. Для ўдзелу ў турніры заяўлена і Вікторыя Азаранка.
Праз сіта кваліфікацыі ў асноўную сетку спрабавалі прайсці беларускі Таццяна Пучак і Кацярына Дзегалевіч, але яны выбылі з барацьбы на першай жа стадыі. Таццяна ўступіла Катарыне Срэбатнік са Славеніі, а Кацярына - Яраславе Шведавай з Казахстана.
У парных спаборніцтвах Беларусь прадставяць Дар'я Кустава ў дуэце з Акгюль Аманмурадавай (Узбекістан), Таццяна Пучак з Марыяй Карытцавай (Украіна) і Кацярына Дзегалевіч з Вольгай Саўчук (Украіна).
У спаборніцтвах мужчын на стадыі кваліфікацыі выбыў беларус Сяргей Бетаў. У першым жа матчы ён уступіў расіяніну Андрэю Кузняцову. Такі ж лёс напаткаў Андрэя Каратчэню, ён прайграў ізраільцяніну Нааму Окуну, паведамляе БЕЛТА






