Буйное паражэнне з лікам 1:4 зведаў барысаўскі БАТЭ ад клуба першай лігі "Мінск" у першым матчы 1/8 фіналу Кубка Беларусі па футболе. Гульня прайшла 11 кастрычніка на Гарадскім стадыёне Барысава. У гаспадароў вызначыўся Няхайчык (47), у гасцей — Асіпенка (20, з пенальці, 73), Кошаль (21) і Макараў (37).
Барысаўчане гулялі ў аслабленым складзе. Асноўны варатар Сяргей Вярэмка, абаронца Сяргей Сасноўскі, паўабаронца Ігар Стасевіч і нападаючы Віталь Радзівонаў рыхтуюцца да матчу нацыянальных зборных Беларусі і Англіі. Паўабаронцы Аляксандр Валадзько, Міхаіл Сівакоў і Сяргей Крывец знаходзяцца ў размяшчэнні маладзёжнай зборнай, якая рыхтуецца да сустрэчы ў адказ плэй-оф кваліфікацыйнага турніру чэмпіянату Еўропы супраць Турцыі.
Матч у адказ "Мінск" — БАТЭ пройдзе 20 лістапада, паведамляе БелаПАН.






