Google адкрыў публічны доступ да свайго новага сэрвісу Knol, які дазваляе карыстальнікам, спэцыялістам у якой‑небудзь галіне, пісаць артыкулы на гэтыя тэмы. Пры гэтым, у адрозьненне ад найбуйнейшай онлайн‑энцыкляпэдыі Wikipedia, аўтары артыкулаў мусяць пазначаць свае імёны.
У кампаніі падкрэсліваюць, што не збіраюцца выступаць у ролі мадэратара і як‑кольвек абмяжоўваць публікацыю адных матэрыялаў і заахвочваць з'яўленне іншых, — усе рэдактарскія функцыі застануцца за самімі аўтарамі. Самі ж аўтары Knol змогуць даваць рэдактарскія правы чытачам. Чытачы вольныя камэнтаваць, ацэньваць і рэцэнзаваць артыкулы, прапаноўваць свае праўкі, задаваць пытанні, дасылаць цікавыя матэрыялы і г.д.
Google мяркуе напоўніць Knol матэрыяламі па як мага вялікшай колькасці разнастайных галінаў ведаў і ўрэшце зрабіць гэтую энцыкляпэдыю такім праектам, у якім карыстальнікі будуць шукаць адказы на свае пытанні ў першую чаргу.
Экспэрты адзінадушныя ў думцы, што Knol уступіць у сур’ёзную канкурэнцыю з Вікіпэдыяй, паведамляе Наша Ніва






