10-09, 12:18

У Беларусі плануецца прыняць 25 законапраектаў у галіне атамнай энергетыкі

У Беларусі плануецца прыняць 25 законапраектаў у галіне атамнай энергетыкі, паведаміў на прэс-канферэнцыі 9 верасня намеснік генеральнага дырэктара Аб'яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў "Сосны" НАН Беларусі Мікалай Груша.

Краіна ўжо падпісала і ратыфікавала каля 20 міжнародных дагавораў у галіне ядзернай энергетыкі. У іх ліку Дагавор аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі, Канвенцыя аб фізічнай абароне ядзерных матэрыялаў, Канвенцыя аб раннім абвяшчэнні аб ядзернай аварыі, Венская канвенцыя аб грамадзянскай адказнасці за ядзерны ўрон, Канвенцыя аб ядзернай бяспецы.

- Цяпер мы ўваходзім у перыяд, калі нам трэба стварыць ужо нацыянальную прававую базу
, — сказаў М.Груша. Першым крокам было прыняцце 30 ліпеня 2008 года рамачнага закона "Аб выкарыстанні атамнай энергіі". На думку намесніка генеральнага дырэктара інстытута, прыняцце гэтага закона прыводзіць да неабходнасці распрацоўкі або ўнясення дапаўненняў і змяненняў у існуючае заканадаўства, якое мае дачыненне да развіцця атамнай энергетыкі.

Паводле слоў М.Грушы, зацікаўленыя органы дзяржкіравання сфарміравалі і накіравалі ў Савет міністраў план падрыхтоўкі нарматыўных прававых і нарматыўна-тэхнічных актаў у галіне выкарыстання атамнай энергіі. План прадугледжвае распрацоўку новых законапраектаў або ўнясенне змяненняў у існуючыя нарматыўныя дакументы. Яны будуць закранаць пытанні ліцэнзавання, страхавання, адказнасці за ўрон, забеспячэння сацыяльных гарантый для персаналу АЭС. Распрацавана пяць кодэксаў, якія дазволяць ажыццяўляць работы па выбары пляцоўкі для будаўніцтва атамнай станцыі.

М.Груша падкрэсліў, што Беларусь будзе развіваць сваю нарматыўна-прававую базу найперш у адпаведнасці з рэкамендацыямі МАГАТЭ, а таксама з улікам вопыту Расіі, Украіны і іншых краін, паведамляе БелаПАН.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя