22-09, 14:46

Diallog запусціў у эксплуатацыю паслугу высокахуткаснай перадачы даных трэцяга пакалення

Аператар мабільнай сувязі стандарта CDMA Diallog запусціў у камерцыйную эксплуатацыю паслугу EV-DO Rev.A ў Мінску і прыгарадзе.

EV-DO Rev.A — гэта тэхналогія сетак мабільнай сувязі трэцяга пакалення (3G), якая забяспечвае высакахуткасную перадачу даных з хуткасцю да 3,1 Мбіт/с у прамым канале (Download) і да 1,8 Мбіт/с — у зваротным (Upload).

Як паведамляецца ў прэс-рэлізе Diallog, жыхары беларускай сталіцы ўжо могуць адчуць перавагі высакахуткаснага мабільнага інтэрнета, выкарыстоўваючы сувязь па тэхналогіях трэцяга пакалення.

Ключавым рашэннем тэхналогіі EV-DO Rev.A з'яўляецца значнае павелічэнне хуткасці на зваротным (зыходзячым) канале. Калі раней гэтае значэнне складала 153 Кбіт/с, то цяпер, з павелічэннем хутскасці да 1,8 Мбіт/с, у спажыўцоў з'явілася магчымасць арганізацыі паўнацэннага відэаназірання, арганізацыі анлайн-вяшчання, магчымасць работы з вялікімі масівамі даных, калі неабходны шырокі канал для зыходзячага трафіка.

Diallog стаў 45-м аператарам у свеце і 14-м у Еўропе, які запусціў у камерцыйную эксплуатацыю сетку EV-DO Rev.A. Усяго ў свеце налічваецца 275 аператараў стандарта CDMA2000, якія працуюць у 102 краінах.

Генеральны дырэктар Diallog Андрэй Сабораў зазначыў, што для карпаратыўных кліентаў цяпер з'явілася магчымасць арганізацыі па-сапраўднаму высакахуткасных карпаратыўных VPN-сетак і дадаўся магутны інструментарый для стварэння мабільных "працоўных месцаў".

"Мы плануем запуск EV-DO Rev.A ў Мінскім раёне, а потым ва ўсіх абласных гарадах. Калі цяпер тэхналогію EV-DO падтрымліваюць 77 базавых станцый у 29 населеных пунктах, то да канца 2008 года мы плануем забяспечыць доступ да высакахуткаснага інтэрнета ва ўсіх гарадах з насельніцтвам больш за 50 тысяч", — зазначыў А.Сабораў.

Усяго ў сетцы Diallog працуе 171 базавая станцыя. Пакрыццё аператара складае 53,28% тэрыторыі краіны, на якой пражывае 75% насельніцтва, у тым ліку 93,38% — гарадскога, паведамляе БелаПАН.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя