Праграма Skype, якой многія беларускія журналісты ды актывісты грамадзкіх і палітычных аб’яднаньняў карыстаюцца не толькі таму што зручна, а таму што бяспечна, чарговы раз трапіла ў скандал. На гэты раз ёсць доказы, каб пераканацца, што праграма не такая надзейная, як прынята лічыць.
Падозранні скептыкаў, якія не давяраюць закрытаму праграмнаму коду Skype, спраўдзіліся праўда пакуль толькі для Кітаю. Канадскія даследнікі выявілі, што ўсе палітычныя размовы кітайцаў праз адмысловую кітайскую вэрсію Skype адсочваюцца і захоўваюцца на васьмі сервэрах.
Кампанія Skype рэгулярна трапляе ў скандалы з абвінавачваннямі ў шпіянажы. Аднак усе паведамленні пра наяўнасць у праграме шчылінкі, якая дае магчымасць падслухоўваць размовы, дагэтуль ня былі пацверджаныя публічна.
Такі складаны імідж Skype зьвязаны з тым, што код праграмы ня бачыў ніхто, акрамя яе стваральнікаў і распрацоўшчыкаў. А пабудаваная яна з выкарыстаннем шматлікіх хакерскіх тэхналогіяў і прыдумак, якія не дазваляюць дэкадаваць алгарытм праграмы, як тое робіцца часта з прадуктамі іншых кампаніяў.
Галоўная праблема заключаецца ў тым, што верагоднасць раскрыцця коду Skype усё ж існуе. І не магчыма быць цалкам упэўненым, што ў спэцслужбаў, альбо хакераў гэта яшчэ не атрымалася, паведамляе generation.by






