09-10, 13:33

Навукова-практычная канферэнцыя "Стан і перспектывы транспланталогіі"

9 кастрычніка ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адкрылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Стан і перспектывы транспланталогіі".

Як паведаміў на яе адкрыцці першы намеснік міністра аховы здароўя Беларусі Роберт Часнойць, гэтая канферэнцыя прысвечана актуальным праблемам транспланталогіі ў Беларусі, практычным пытанням выканання аперацый па перасадцы органаў, навуковым аспектам развіцця гэтага кірунку.

На думку першага намесніка міністра, мерапрыемства з'яўляецца знакавым — развіццё трасплантацыі органаў і тканак у Беларусі сведчыць аб тым, што ўзровень аховы здароўя адпавядае сусветным стандартам. Развіццё транспланталогіі ў Беларусі пачалося ў 1970 годзе з перасадкі ныркі. Значнымі этапамі сталі адкрыццё аддзялення па перасадцы касцявога мозгу на базе 9-й клінічнай бальніцы ў 1993 годзе і прыняцце закона аб трасплантацыі органаў і тканак у 1997 годзе з наступнай рэдакцыяй у 2007 годзе.

"Сёння ў нашай краіне ёсць добрая заканадаўчая база, якая дазваляе найперш вырашаць праблемы забору тканак", — зазначыў Р.Часнойць.

Ён таксама нагадаў, што ў 2008 годзе ў Беларусі выкананы першыя трансплантацыі печані шасці пацыентам. "Мы задаволены вынікамі, і ў нас вялікія чаканні наконт наступных дасягненняў", — заявіў Р.Часнойсць. Так, з адкрыццём у 2009 годзе Рэспубліканскага цэнтра хірургіі і транспланталогіі аперацыі па трансплантацыі органаў павінны стаць на паток. У перспектыве плануецца выканаць аперацыі па трансплантацыі сэрца, а потым падстраўнікавай залозы і кішэчніка.

"Трансплантацыя сёння — гэта вяршыня дасягнення тэхналагічнага прагрэсу ў медыцыне, — зазначыў на адкрыцці акадэмік, дырэктар інстытута радыебіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Яўген Канопля. — У Беларусі ў галіне трансплантацыі органаў дасягнуты значны прагрэс".

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, штогод у Беларусі праводзіцца ад 20 да 40 перасадак нырак, 80—100 трансплантацый касцявога мозгу і ствалавых клетак крыві.

У канферэнцыі бяруць удзел прадстаўнікі Літвы, Расіі і Германіі. Яна будзе доўжыцца па 10 кастрычніка, паведамляе БелаПАН.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя