10-10, 13:53

"Белтэлекам" пашырыў знешні шлюз доступу ў інтэрнет да 5,2 Гбіт/с

Нацыянальны аператар электрасувязі "Белтэлекам" пашырыў знешні шлюз доступу ў інтэрнет да 5,2 Гбіт/с. Пра гэта паведаміў намеснік генеральнага дырэктара РУП "Белтэлекам" Сяргей Сівадзедаў у межах канферэнцыі "Дзелавы Інтэрнет", што праходзіць у Мінску 9—10 кастрычніка".

- Мы рэгулярна праводзім работы па пашырэнні знешняга інтэрнет-шлюзу. Расійскі кірунак з'яўляецца найбольш запатрабаваным, таму павелічэнне магутнасці часцей адбываецца менавіта тут. Раней сумарная прапускная здольнасць у расійскім напрамку складала 3,2 Гбіт/с. Разам з аператарам "Растэлекам" мы правялі работы па замене абсталявання і пашырэнні шлюзу. Цяпер у кірунку расійскага сегмента арганізаваны паток прапускной здольнасцю 4 Гбіт/с. Гэта павялічыць хуткасць праходжання трафіка і палепшыць якасць перадачы звестак, — зазначыў прадстаўнік "Белтэлекама".

У кірунку астатніх замежных рэсурсаў канал застаўся ранейшым — 1,2 Гбіт/с. Рашэнне аб яго пашырэнні будзе прынята не пазней за 4 квартал 2008 года, падкрэслілі ў "Белтэлекаме".

Апошні раз знешні шлюз доступу ў інтэрнет быў пашыраны ў чэрвені гэтага года і таксама ў расійскім напрамку. Прадстаўнікі "Белтэлекама" зазначаюць, што пашырэнне знешіх каналаў для сеткі перадачы звестак Беларусі — заканамерны працэс. З пастаянна ўзрастаючай колькасцю інтэрнет-карыстальнікаў у краіне павялічваецца і нагрузка на знешнія каналы сувязі, асабліва ў кірунку "рунета". Расійскі сегмент для беларускіх карыстальнікаў прыцягальны з-за адсутнасці моўных бар'ераў і вялікага аб'ёму цікавага і даступнага кантэнта на расійскіх серверах.

Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства электрасувязі "Белтэлекам" створана 3 ліпеня 1995 года. Ажыццяўляе перадачу звестак па камутуемай сетцы агульнага карыстання, доступ да міжнародных і беларускіх рэсурсаў інтэрнета, дае ў карыстанне міжнародныя лічбавыя патокі і каналы практычна любой ёмістасці, забяспечвае роўныя ўмовы працы аператараў мабільнай сувязі Беларусі шляхам падключэння іх да міжнароднай станцыі, дае міжгародні і міжнародны роўмінгі, паведамляе БелаПАН.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя