14-02, 16:09

Грошы для нацыянальных меншасцяў у Польшчы размеркаваныя. Атрымалі іх не ўсе...

Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі ў Польшчы ўжо размеркавала грошы для нацыянальных меншасцяў.

Пакуль яшчэ міністэрства не прадставіла спіскаў паасобных праектаў, якія будуць фінансаваныя ўрадам, аднак як паведаміў Рацыі дэпутат Польскага сейма і адначасова намеснік старшыні камісіі па справах нацыянальных меншасцяў Яўген Чыквін, беларуская меншасць у Польшчы атрымае ў гэтым годзе на 100 тысячаў злотых менш у параўнанні з мінулым, хаця датацыі для меншасцяў падвысіліся на 1.200.000 злотых болей. Паводле Яўгена Чыквіна, вышэйшыя датацыі атрымаюць у гэтым годзе літоўцы і кашубы.

- На 100 тысячаў менш атрымаюць беларусы, немцы атрымаюць на 380 тысячаў менш, габрэям на 170 тысячаў менш, рускім, якія атрымоўвалі ўсяго каля 100 тысячаў, абрэзалі фінансаванне напалову… Гэта невялікія сумы, але гэта доказ, што ранейшыя заявы ўраду аб спрыянні меншасцям не знайшлі адлюстравання ў рэчаіснасці.

Яшчэ ўчора дэпутат накіраваў адмысловую заяву ў канцылярыю прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска, а таксама маршалку польскага Сейма і міністру ўнутраных спраў і адміністрацыі з просьбай пераглядзець размеркаванне сродкаў паасобным меншасцям у Польшчы.

Варта адзначыць што міністэрства пад новым кіраўніцтвам прызнала грошы арганізацыям Янкі Сычэўскага. Прыкладам, фестываль “Беларуская песня” атрымае 150 тысячаў злотых дафінансавання. Але ўжо трэці год запар не атрымае фінансавай дапамогі з боку ураду часопіс “Przeglad prawoslawny”, галоўным рэдактарам якога з’яўляецца Яўген Чыквін. Дарэчы, фінансаванне адзінай газеты беларусаў Падляшша застаецца на мінулагоднім узроўні, фінансы прадбачаны і на часопіс ды фестываль музыкі маладой Беларусі “Басовішча”.
 

 

Валянціна ЛАЕЎСКАЯ

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя