Увядзенне "карты паляка" нязначна паўплывае на колькасць мігрантаў, якія прыязджаюць у Польшчу на пастаяннае месца жыхарства. Такое меркаванне выказаў дырэктар Цэнтральнаеўрапейскага даследчага форуму па міграцыі і народанасельніцтве, член Польскай акадэміі навук Марэк Купіжэўскі, адказваючы на пытанне на прэс-канферэнцыі ў Мінску 7 мая.
"Увядзенне "карты паляка" скіравана на ўзмацненне этнічных сувязей, але не дае права на пераезд у Польшчу", — зазначыў эксперт. Такім чынам, паводле яго слоў, "карта паляка" напрамую не паўплывае на працэс міграцыі, аднак дасць асобным грамадзянам "магчымасць пачаць працэс афармлення дакументаў для пераезду". Ён таксама лічыць, што з увядзеннем "карты паляка" ў Польшчы можа значна павялічыцца колькасць часовых або працоўных мігрантаў.
Закон аб "карце паляка", нагадваем, набыў сілу 31 сакавіка 2008 года. У гэты ж дзень пасольства Польшчы ў Мінску пачало прыём дакументаў для атрымання "карты паляка". Прэтэндаваць на яе могуць асобы, якія валодаюць польскай мовай на базавымі узроўні, маюць сваякамі палякаў або тых, хто меў польскае грамадзянства (бацька, маці, бабуля, дзядуля, прабабуля, прадзядуля). Паводле ацэнкі польскага МЗС, прэтэндаваць на атрыманне "карты паляка" могуць каля 250 тысяч грамадзян Беларусі.
Уладальнік карты мае права на атрыманне доўгатэрміновай шматразовай візы на знаходжанне ў Польшчы, легальную працу на тэрыторыі Польшчы без спецыяльнага дазволу. Ён таксама мае права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю нароўні з польскімі грамадзянамі, у першачарговым парадку прэтэндаваць на фінансавыя сродкі, што выдзяляюцца для падтрымкі палякаў за мяжой з дзяржаўнага або мясцовага бюджэту (на ўзроўні гміны), праязджаць па чыгунцы з 37-працэнтнай скідкай. //БелаПАН




