Прэзідэнт Венесуэлы прапануе ствараць незалежныя ад Міжнароднага валютнага фонду фінансавыя інстытуты з такімі краінамі, як Расія, Беларусь, Кітай, Індыя і Іран. З такой ініцыятывай Уга Чавес выступіў на пятым саміце "Петракарыбэ" ў Маракайба (Венесуэла), паведамляе РІА Новости.
Арганізацыя "Петракарыбэ" аб'ядноўвае 17 краін Цэнтральнай Амерыкі і Карыбскага басейна, якія займаюцца здабычай нафты.
На думку Уга Чавеса, наспела неабходнасць усталявання "стратэгічнага энергетычнага альянса" з названымі дзяржавамі. У якасці прыкладу прэзідэнт Венесуэлы прывёў нядаўна заснаваны венесуэльска-кітайскі фонд развіцця з капіталам у шэсць мільярдаў долараў.
Уга Чавес таксама паведаміў, што 22 ліпеня ён мае намер наведаць Маскву. Падчас візіту, паводле яго слоў, плануецца абмеркаваць магчымасць стварэння расійска-венесуэльскага банка для фінансавання сумесных праектаў.
"Стварэнне сумеснага банка ўмацуе эканамічную і фінансавую незалежнасць дзвюх краін, будзе садзейнічаць прытоку інвестыцый на карысць абодвух народаў", — заўважыў У.Чавес.
Нагадаем, што на канец ліпеня таксама плануецца візіт прэзідэнта Венесуэлы ў Беларусь. Як паведаміў на прэс-канферэнцыі 27 чэрвеня пасол Венесуэлы ў Беларусі Амерыка Дыяс-Нуньес, "дагэтуль было традыцыйна, што маршрут прэзідэнта Венесуэлы заўсёды праходзіў праз Мінск, таму не выключана, што яго трэці візіт у Беларусь адбудзецца праз месяц".
Уга Чавес наведваў Беларусь двойчы — у ліпені 2006 года і ў чэрвені 2007-га. У снежні 2007 года Венесуэлу наведаў Аляксандр Лукашэнка. Падчас яго візіту адбылося адкрыццё беларуска-венесуэльскага сумеснага прадпрыемства па здабычы нафты "ПетраВенБел" у штаце Ансаатэгі, быў падпісаны шэраг міжурадавых і міжведамасных дакументаў у розных сферах, паведамляе Інтэрфакс.






