Расійская авіякампанія S7 Airlines ("Сібір") аб'яўляе аб адкрыцці для сваіх пасажыраў новага міжнароднага напрамку Масква — Мінск. Пералёты ажыццяўляюцца ў межах падпісанага код-шэрынгавага пагаднення з авіякампаніяй "Белавія".
Як зазначаецца ў паведамленні S7 Airlines, гэта першы вопыт супрацоўніцтва паміж кампаніямі ў межах код-шэрынгавага пагаднення. У адпаведнасці з падпісаным дакументам "Белавія" выдзяляе блок месцаў для пасажыраў S7 Airlines на рэйсы 1956/1955 і 1958/1957. Рэйсы выконваюцца з маскоўскага аэрапорта Дамадзедава штодзённа два разы на дзень. Чакаецца, што такая частата палётаў дазволіць пасажырам эфектыўна спланаваць сваю паездку.
S7 Airlines і "Белавія" таксама падпісалі пагадненне аб узаемным прызнанні электроннага білета. Электронны білет — сучасны спосаб афармлення пералёту, які дазваляе пасажырам значна зэканоміць час пры куплі білета і ажыццяўленні палёту. Такі білет можна набыць як для сябе, так і для іншых пасажыраў.
З сакавіка 2006 года авіякампанія "Сібір" прапануе свае паслугі пад зарэгістраваным таварным знакам S7 Airlines. Са студзеня па чэрвень 2008 года паслугамі S7 Airlines скарысталіся 2 млн. 812 тысяч пасажыраў, што на 26% больш, чым за аналагічны перыяд 2007 года, паведамляе БелаПАН.






