Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў не выключае магчымасці ўваходжання Абхазіі і Паўднёвай Асеціі ў склад СНД і Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ў выпадку прызнання гэтых рэспублік усімі членамі СНД і СД. Аб гэтым ён паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
Пры гэтым пасол падкрэсліў, што прызнанне або непрызнанне незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі - суверэннае права Беларусі.
"У адпаведнаці з дагаворам аб Саюзнай дзяржаве, абедзве краіны захоўваюць суверэнітэт, а таму маюць права дзейнічаць паводле свайго меркавання ў пытаннях прызнання або непрызнання якой-небудзь дзяржавы", - адзначыў Аляксандр Сурыкаў.
"Таму калі Беларусь не прызнае новыя рэспублікі, гэта не будзе супярэчыць Саюзнаму дагавору", - дадаў ён.
Што датычыцца пытання аб уваходжанні абедзвюх рэспублік у склад СНД, пасол Расіі адначыў, што ў гэтым выпадку спатрэбіцца прызнанне незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі ўсімі членамі Садружнасці.
"Мы не выключаем развіцця падзей у гэтым напрамку. Аднак гэта дастаткова складана", - канстатаваў дыпламат, паведамляе БЕЛТА






