28-08, 14:29

Лідэры краін ЕС разглядаюць магчымасць увядзення санкцый супраць Расіі

Лідэры краін Еўрасаюза разглядаюць магчымасць увядзення санкцый супраць Расіі. Аб гэтым, як паведамляе агенцтва Рэйтэр, заявіў 28 жніўня міністр замежных спраў Францыі Бернард Кушнер.

У Бруселі 1 верасня пройдзе экстранны саміт кіраўнікоў дзяржаў Еўрасаюза, скліканы па ініцыятыве прэзідэнта Францыі, якая старшынствуе ў ЕС, Нікаля Сарказі. На саміце будзе абмяркоўвацца сітуацыя вакол Грузіі, Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, а таксама будучыня адносінаў паміж ЕС і Расіяй.

У адказ на пытанне аб мерах, якія могуць быць прыняты супраць Расіі на саміце, Б.Кушнер сказаў: "Санкцыі абмяркоўваюцца". Пры гэтым ён не стаў паведамляць якія-небудзь падрабязнасці.

Нагадаем, у ноч з 7 на 8 жніўня ў непрызнаную рэспубліку Паўднёвая Асеція, якая тэрытарыяльна з`яўляецца часткай Грузіі, былі ўведзены грузінскія ўрадавыя войскі. Грузія заявіла, што мае намер скончыць з "крымінальным рэжымам" у непрызнанай рэспубліцы і аднавіць парадак.

Паводле звестак уладаў Паўднёвай Асеціі, ахвярамі ўзброенага канфлікту сталі 2.100 чалавек. Расія для абароны жыхароў Паўднёвай Асеціі, многія з якіх з`яўляюцца расійскімі грамадзянамі, увяла ў рэгіён у дапамогу раскватараваным там міратворцам каля 10 тысяч ваеннаслужачых і сотні адзінак ваеннай тэхнікі. 12 жніўня Расія заявіла аб завяршэнні аперацыі па прымушэнні Грузіі да міру, а 22 жніўня аб`явіла, што закончыла адвод войскаў на пазіцыі, вызначаныя рашэннем Змешанай кантрольнай камісіі па ўрэгуляванні грузіна-асецінскага канфлікту ад 1999 года.

26 жніўня прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў падпісаў указы аб прызнанні незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Краіны ЕС асудзілі гэтае рашэнне і заявілі аб сваёй прыхільнасці тэрытарыяльнай цэласнасці Грузіі, паведамляе БелаПАН.

Каментары

/ дадаць каментар /
Тэма:
Імя: *
Тэкст: *
Увядзіце код: *
 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя