Беларускі выбарчы ўчастак у Нью-Йорку, які размяшчаецца на базе беларускай консульскай установы, мае самую даўнюю традыцыю правядзення выбараў сярод усіх замежных выбарчых участкаў Беларусі ў Заходнім паўшар'і. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Генеральным консульстве Рэспублікі Беларусь у Нью-Йорку.
Упершыню з моманту атрымання Беларуссю незалежнасці нью-йоркскі ўчастак для правядзення выбараў быў сфарміраваны ў 1994 годзе, калі беларускія грамадзяне выбіралі першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. З таго часу ўчастак ствараўся кожны раз пры правядзенні агульнанацыянальных выбараў і рэферэндумаў.
Адначасова гэта і самы вялікі беларускі выбарчы ўчастак у Заходнім паўшар'і: сярэдняя колькасць грамадзян, зарэгістраваных для ўдзелу ў беларускіх выбарах у Нью-Йорку, складае 8 тыс. чалавек. Аднак з-за аддаленасці пражывання або па іншых прычынах удзел у выбарах прымае адносна нязначная іх частка: колькасць галасуючых вылічаецца сотнямі. Большасць з іх складаюць беларускія грамадзяне, якія пастаянна пражываюць у ЗША, а таксама беларускія дыпламаты, што працуюць у Нью-Йорку, міжнародныя служачыя і іншыя грамадзяне.
Права прыняць удзел у выбарах маюць усе беларускія грамадзяне, якія пражываюць на тэрыторыі ЗША, але такую магчымась выкарыстоўваюць, галоўным чынам, беларусы, якія жывуць у горадзе Нью-Йорку і яго наваколлі, у штатах Нью-Йорк, Нью-Джэрсі, Канектыкут і Пенсільванія.
Як і на іншых беларускіх выбарчых участках, размешчаных на амерыканскім кантыненце, беларускія грамадзяне маюць магчымасць аддаць свае галасы на выбарах на ўчастку ў Нью-Йорку пазней, чым выбаршчыкі на ўсіх астатніх замежных участках. З-за сямігадзіннай часавай розніцы, калі нью-йоркскі ўчастак закрываецца для падліку галасоў, а ў Мінску падлік ужо часта завяршаецца і часам вядомы папярэднія вынікі выбараў.
Выбарчая камісія, сфарміраваная ў Нью-Йорку для забеспячэння выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 28 верасня, праводзіць свае падрыхтоўчыя мерапрыемствы ў строгай адпаведнасці з адзіным графікам мерапрыемстваў, вызначаным Цэнтральнай камісіяй па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў. Так, на гэты момант беларускім грамадзянам у ЗША паведамлена аб правядзенні выбараў і рэжыме работы выбарчага ўчастка ў горадзе, паведамляе БЕЛТА






