Расійскія войскі пачалі дэмантаж сваіх умацаваных пазіцый у Грузіі і выхад з буфернай зоны. Інфармацыю пра гэта пацвердзіў кіраўнік місіі назіральнікаў Еўрасаюза ў Грузіі Ханс-Йорг Хабер, паведамляе прэс-служба Еўракамісіі.
5 кастрычніка расійскія войскі выйшлі з сялібы Набархеві Хашурскага раёна ў напрамку Паўднёвай Асеціі. Хабер выказаў спадзяванне, што Расія поўнасцю выканае абавязацельствы па вывадзе да 10 кастрычніка войскаў з Грузіі.
Памочнік галоўнага камандуючага Сухапутнымі войскамі палкоўнік Ігар Канашанкаў паведаміў, што расійскія войскі пачалі дэмантаж назіральных пастоў у зоне бяспекі паміж Паўднёвай Асеціяй і Грузіяй, перадаюць расійскія СМІ. Больш за 30 расійскіх ваенных грузавікоў у ноч на 5 кастрычніка накіраваліся з вёскі Урта Зугдзідскага раёна Грузіі ў Гальскі раён Абхазіі.
Паводле слоў афіцыйнага прадстаўніка МУС Грузіі Шаты Уціяшвілі, ідзе падрыхтоўка расійскіх войскаў да выхаду з вёсак Канці, Анаклія, Чхароцку, Ганмухуры.
Як БелаПАН паведамляў раней, згодна з планам Мядзведзева — Сарказі ў зоне бяспекі да 10 кастрычніка не павінна застацца ніводнага расійскага ваеннага, паведамляе БелаПАН.






