Форум саюзных праграм адбудзецца 21-22 кастрычніка ў Маскве ў Гандлёва-прамысловай палаце, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Васіль Хрол.
Ён адзначыў, што Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы запрасіў да ўдзелу ў гэтым, трэцім па ліку, маштабным мерапрыемстве міністэрствы і ведамствы Беларусі і Расіі, губернатараў беларускіх і расійскіх рэгіёнаў, прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады дзвюх краін.
У рамках форуму 22 кастрычніка будзе праходзіць выстаўка саюзных праграм. Яна разгорнецца ў адным з павільёнаў Усерасійскага выставачнага цэнтра. "На форуме будуць абмяркоўвацца надзённыя эканамічныя праблемы, звязаныя з рэалізацыяй цяпер дзеючых саюзных праграм, праекты новых праграм, якія будуць рэалізоўвацца за сродкі бюджэту Саюзнай дзяржавы", - адзначыў Васіль Хрол. Ён таксама паведаміў, што з наступнага года Пастаянны камітэт мае намер зрабіць такое мерапрыемства штогадовым.
Цяпер рэалізуецца 11 саюзных праграм. У іх ліку - развіццё дызельнага аўтамабілебудавання на перыяд да 2008 года, павышэнне эфектыўнасці вытворчасці і перапрацоўкі плодаагародніннай прадукцыі на аснове прагрэсіўных тэхналогій і тэхнікі, стварэнне і арганізацыя серыйнай вытворчасці комплексаў высокапрадукцыйных сельскагаспадарчых машын на базе універсальнага мабільнага энергасродку магутнасцю 200-450 к.с. на 2006-2009 гады. У стадыі ўзгаднення знаходзіцца яшчэ 12 праграм, паведамляе БЕЛТА






