Расійская Дзярждума 8 кастрычніка ратыфікавала пакет дакументаў па стварэнні Мытнага саюза Расіі, Казахстана і Беларусі, паведамляе РІА Новости. Законапраекты 4 кастрычніка ўнёс на разгляд у ніжнюю палату расійскага парламента прэзідэнт РФ Дзмітрый Мядзведзеў.
Дагавор па стварэнні адзінай мытнай тэрыторыі і фарміраванні Мытнага саюза быў падпісаны ў межах пасяджэння Міждзяржаўнага савета Еўразійскай эканамічнай супольнасці 6 кастрычніка 2007 года ў Душанбэ прадстаўнікамі Расіі, Беларусі і Казахстана.
Мытны саюз вызначаецца як форма гандлёва-эканамічнай інтэграцыі бакоў, што прадугледжвае адзіную мытную тэрыторыю, у межах якой ва ўзаемным гандлі таварамі, што паходзяць з тэрыторыі, якая складаецца з мытных тэрыторый бакоў, а таксама паходзяць з трэціх краін і выпушчаны ў свабоднае абарачэнне на гэтай тэрыторыі, не прымяняюцца мытныя пошліны і абмежаванні эканамічнага характару, за выключэннем спецыяльных засцерагальных, антыдэмпінгавых і кампенсацыйных мер.
У межах Мытнага саюза бакі прымяняюць адзіны мытны тарыф і іншыя адзіныя меры рэгулявання гандлю таварамі з трэцімі краінамі.
Нягледзячы на адмову ад прымянення ва ўзаемным гандлі мытных пошлін і абмежаванняў эканамічнага характару, бакі захоўваюць права на прымяненне спецыяльных засцерагальных, антыдэмпінгавых і кампенсацыйных мер, а таксама забаронаў і абмежаванняў імпарту або экспарту, "неабходных для абароны грамадскай маралі, жыцця або здароўя чалавека, жывёл і раслін, аховы навакольнага прыроднага асяроддзя і абароны культурных каштоўнасцей, пры ўмове, што такія забароны і абмежаванні не з'яўляюцца сродкам неапраўданай дыскрымінацыі ці скрытым абмежаваннем гандлю", гаворыцца ў тлумачальнай запісцы да дакументаў.
З часу стварэння адзінай мытнай тэрыторыі рэжым у дачыненні да мытных пошлін і збораў, што збіраюцца ў сувязі з імпартам або экспартам тавараў, метадаў збірання такіх пошлін і збораў, правілаў і адміністрацыйных працэдур, што прымяняюцца ў сувязі з імпартам або экспартам тавараў, які кожны з бакоў дае любой трэцяй краіне на падставе міжнароднага дагавора ці фактычна, не можа быць больш спрыяльным, чым рэжым, які дадзены бок дае іншым бакам.
Дагаворам прадугледжваецца заснаванне камісіі Мытнага саюза, якая з'яўляецца адзіным пастаянна дзейным рэгулюючым органам Мытнага саюза, паведамляе БелаПАН.






