Міністры энергетыкі 27 краін — членаў Еўрасаюза пасля перамоў, што доўжыліся год, ухвалілі 11 кастрычніка на пасяджэнні ў Люксембургу праект лібералізацыі еўрапейскага рынку электрычнасці і газу.
Як перадае РІА Новости, так званы "трэці энергетычны пакет" быў дапрацаваны. Вырашана, што "мацярынская" кампанія зможа захаваць пад сваім кантролем кіраўніка размеркавальнай сеткі пры ўмове гарантый яго незалежнасці.
Міністры энергетыкі краін ЕС ухвалілі таксама "ахоўную агаворку" адносна трэціх краін (так званую "агаворку паводле "Газпрома"), якая абавязвае замежнае прадпрыемства, дапушчанае да еўрапейскай размеркавальнай сеткі, падпарадкоўвацца тым жа правілам, што і еўрапейскія кампаніі. Для таго ж, каб замежнае прадпрыемства магло інвеставаць у энергетычную галіну, яму будзе неабходна атрымаць на гэта не толькі дазвол канкрэтнай дзяржавы ЕС, але і Еўракамісіі.
Цяпер "трэці энергетычны пакет" неабходна ўхваліць Еўрапарламенту. Чакаецца, што гэта адбудзецца ў 2009 годзе.
Акрамя таго, еўракамісар па энергетыцы Андрыс Піебалгс заявіў аб тым, што ў найбліжэйшы час будзе прыняты закон аб увядзенні ў ЕС з 2010 года забароны на гандаль лямпамі напальвання. Іх адмена і пераход на энергаэканамічныя лямпы дазволіць на 60% скараціць спажыванне электраэнергіі дамашнімі гаспадаркамі, паведамляе БелаПАН.






