30-09, 10:07

Алег Вялічка плануе прадоўжыць вырашэнне праблем дэмаграфіі

Зноў абраны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Вялічка (балатаваўся па Брэсцкай-Заходняй выбарчай акрузе № 1) плануе прадоўжыць вырашэнне дэмаграфічных праблем.

"У прыватнасці, гэта ўдасканальванне сістэмы дзяржаўнай падтрымкі сям'і, мацярынства і дзяцінства, у тым ліку распрацоўка і прыняцце законапраекта аб увядзенні ў Беларусі мацярынскага капіталу, а таксама законаў аб прыярытэтным забеспячэнні жыллём мнагадзетных і маладых сем'яў, — зазначыў А.Вялічка ў інтэрв'ю БелаПАН. — Імем рэвалюцыі не прымусіш нараджаць дзяцей, для гэтага трэба стварыць неабходныя ўмовы".

Паводле слоў дэпутата, у яго ёсць і іншыя напрацоўкі, якія ён хацеў бы рэалізаваць у новым парламенце. Яны тычацца ўдасканалення сістэмы аховы здароўя, медыцынскага абслугоўвання насельніцтва.

"Вопыт, набыты ў вышэйшым заканадаўчым органе краіны, дазволіць мне больш эфектыўна працаваць у ім наступныя чатыры гады", — лічыць А.Вялічка.

На яго думку, прадстаўнікі апазіцыі не прайшлі ў парламент таму, што "яны не вельмі хацелі трапіць туды, а проста адпрацоўвалі тыя сродкі, якія ў іх уклалі замежныя спонсары, і народ гэта зразумеў".

У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 3-га склікання А.Вялічка быў старшынёй пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям'і і моладзі. На выбарах 28 верасня 2008 года за яго, паводле афіцыйных звестак, прагаласавала 68,2% выбаршчыкаў, паведамляе БелаПАН.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя