Ва ўрочышчы Курапаты на паўночна-ўсходняй ускраіне Мінска 29 верасня адбылося традыцыйнае памінанне ахвяр сталінізму, якое праводзіцца 29-га дня кожнага месяца.
Каля 20 удзельнікаў памінання — маладзёжныя актывісты і прадпрымальнікі, былыя вязні ГУЛАГа і члены секцыі "Мемарыял" Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры — усклалі кветкі да мемарыяльных знакаў, у тым ліку да Крыжа пакут, запалілі лампады, ушанавалі хвілінай маўчання памяць бязвінна загубленых людзей, выканалі духоўны гімн "Магутны Божа".
Намеснік старшыні секцыі "Мемарыял" Уладзімір Раманоўскі, які нарадзіўся ў ГУЛАГу, зазначыў, што ў гады сталінізму існавала такая распаўсюджаная форма пакарання, як паражэнне ў правах. "Вынікі выбараў у парламент гавораць аб тым, што гэтая форма пакарання захавалася да нашых дзён. І наша задача заключаецца ў тым, каб аднавіць права народа на свабодныя, дэмакратычныя выбары", — сказаў У.Раманоўскі.
Ён нагадаў прысутным, што наступнае памінанне ва ўрочышчы адбудзецца 29 кастрычніка. "Менавіта гэтую дату мы хочам зацвердзіць у нацыянальным беларускім календары як Дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій у Беларусі", — зазначыў У.Раманоўскі.
Паводле слоў аднаго з лідэраў прадпрымальніцкага руху Аляксандра Макаева, усведамленне беларусамі маштабаў трагедыі народа ў гады сталінізму стане залогам незалежнага, дэмакратычнага і дынамічнага развіцця краіны.
У памінанні ўдзельнічала мінчанка Мая Сташэўская — дачка наркама БССР Аляксандра Сташэўскага, расстралянага ў 1937 годзе і пасмяротна рэабілітаванага ў 1956 годзе. Пасля арышту А.Сташэўскага такі ж лёс напаткаў і яго жонку, якая была змешчана ў Лагер жонак здраднікаў Радзімы ў Акмалінску (Казахстан), дзе правяла восем гадоў.
- Калі ў пачатку 1990-х гадоў я звярнулася ў КДБ з просьбай дапамагчы адшукаць магілу бацькі, мне адказалі, што "ўсе ўскраіны Мінска стаяць на касцях вашых бацькоў, — сказала М.Сташэўская ў інтэрв'ю БелаПАН. Яна мяркуе, што яе бацька быў расстраляны ў сталічным парку імя Чалюскінцаў або ў Курапатах.
За памінаннем назіралі прадстаўнікі сілавых структур, паведамляе БелаПАН.






