30-09, 15:47

У Мінску адкрылася міжнародная выстава "Медыцына-2008"

30 верасня ў сталічным выставачным цэнтры "Мінскэкспа" пачала працу 16-я Міжнародная спецыялізаваная выстава "Медыцына".

Як зазначыў на адкрыцці выставы міністр аховы здароўя Беларусі Васіль Жарко, экспазіцыя дае магчымасць убачыць новыя ўзоры айчыннай і замежнай прадукцыі, вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі, новыя лекавыя сродкі, а таксама ўстанавіць кантакты паміж іх спажыўцамі і вытворцамі.

На выставе, у прыватнасці, працуюць раздзелы медыцынскай тэхнікі, абсталявання і дыягностыкі; лабараторнай тэхнікі і лабараторнай медыцыны; расходных, шыўных матэрыялаў; медыцынскага адзення; сродкаў для догляду і гігіены; стаматалогіі; оптыкі; пратэзна-артапедычнага абсталявання і тэхналогій; сучасных інфармацыйных тэхналогій у медыцыне і іншыя.

Усяго, паводле слоў В.Жарко, у выставе ўдзельнічаюць дзевяць краін і прыблізна 160 арганізацый. Запланавана правядзенне навукова-практычных канферэнцый, семінараў, круглых сталоў.

Як паведаміў міністр аховы здароўя, у Беларусі сфера аховы здароўя дынамічна развіваецца. Пра гэта, паводле яго слоў, сведчаць паказчыкі, якія характарызуюць стан здароўя насельніцтва, у тым ліку зніжэнне смяротнасці і павелічэнне агульнай працягласці жыцця.

В.Жарко зазначыў, што ў Беларусі такія паказчыкі, як смяротнасць нованароджаных і маці, смяротнасць пры агульнахірургічных захворваннях, знаходзяцца на ўзроўні развітых краін. Акрамя таго, за апошнія гады рэзка знізілася інфекцыйнае захворванне. На думку В.Жарко, усё гэта адбываецца дзякуючы ўкараненню новых тэхналогій, у прыватнасці новых лекавых сродкаў і новай тэхнікі, у лячэнне як на рэспубліканскім, так і на абласным і раённым узроўнях. "У нас стаіць задача палепшыць даступнасць якаснай медыцынскай дапамогі, і мы яе ажыццяўляем", — сказаў міністр, паведамляе БелаПАН.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя