07-10, 18:13

Тыдзень маці пройдзе ў Беларусі з 8 па 14 кастрычніка

Тыдзень маці пройдзе ў Беларусі з 8 па 14 кастрычніка, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення палітыкі занятасці і народанасельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Таццяна Шаметавец. Рэспубліканскі план мерапрыемстваў тыдня разгледжаны і зацверджаны на пасяджэнні пастаянна дзеючага арганізацыйнага камітэта па правядзенню ў Рэспубліцы Беларусь штогод Дня маці.

Адкрыецца Тыдзень маці 8 кастрычніка дзіцячымі віншаваннямі: у дашкольных установах і школах будуць арганізаваны розныя ранішнікі, канцэрты, конкурсы сачыненняў, выстаўкі дзіцячай творчасці.

У ваенкаматах і воінскіх часцях пройдуць сустрэчы з маці - удзельніцамі Вялікай Айчыннай вайны, з маці воінаў, якія загінулі ў мірны час пры абароне Радзімы і пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку, а таксама з маці, чые сыны цяпер праходзяць службу ва Узброеных Сілах.

Плануецца традыцыйнае ўшаноўванне жанчын-маці ў працоўных і прафсаюзных калектывах. На ўрачыстых цырымоніях старшыні аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, кіраўнікі гарадскіх (раённых) выканкамаў уручаць шматдзетным маці ордэны Маці. Шматдзетныя маці, бацькі-выхавальнікі прыёмных сем'яў і дзіцячых дамоў сямейнага тыпу запрошаны на ўрачысты прыём у Савет Міністраў.

Для аказання дапамогі шматдзетным, няпоўным малазабяспечаным сем'ям у рэспубліцы пройдуць дабрачынныя акцыі.

"Правядзенне шырокага спектра мерапрыемстваў у рамках Тыдня маці будзе садзейнічаць умацаванню сямейных традыцый, падтрыманню гарманічных адносін у сям'і, падрыхтоўцы маладых людзей да сямейнага жыцця, - сказала спецыяліст. - А фінальным акордам стане Дзень маці, які 14 кастрычніка Беларусь адзначае ўжо 13-ы раз".

У рэспубліцы налічваецца больш як 1,5 млн. сем'яў, з іх 89 тыс. - шматдзетныя, паведамляе БЕЛТА

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя