11-10, 10:50

Узброеныя сілы Беларусі гатовы да пераходу на аднагадовы тэрмін службы

Узброеныя сілы Беларусі гатовыя да пераходу на аднагадовы тэрмін службы і, адпаведна, да зніжэння тэрміну службы для асобных катэгорый вайскоўцаў, заявіў міністр абароны Леанід Мальцаў 10 кастрычніка на пасяджэнні пастаянна дзейнага семінара для прадстаўнікоў СМІ, якія асвятляюць ваенную тэматыку.

Цяпер працягласць тэрміновай службы ў Беларусі складае 18 месяцаў. 12 месяцаў служаць грамадзяне, якія маюць вышэйшую адукацыю, шэсць месяцаў — грамадзяне, якія скончылі ваенныя факультэты грамадзянскіх ВНУ, але не атрымалі афіцэрскія званні.

З ініцыятывай аб зніжэнні тэрміну службы Міністэрства абароны выступае на працягу некалькіх гадоў. Аднак дагэтуль гэтая прапанова знаходзіцца ў стадыі разгляду. Як паведамляў БелаПАН, адмоўна да памяншэння працягласці тэрміновай службы ставіцца камандаванне ўнутраных войскаў МУС. Паводле слоў камандуючага Валерыя Гайдукевіча, калі перайсці на гадовы тэрмін службы, "трэба павялічыць колькасць войскаў прыкладна ў паўтара разу". "Мы не можам усіх звольніць. Нікога не застанецца для выканання задач. Узброеным сілам прасцей — яны рыхтуюцца ваяваць, а мы кожны дзень выконваем задачы", — заявіў В.Гайдукевіч.

"Але калі будзе прынята рашэнне аб скарачэнні тэрмінаў службы, канешне, мы будзем яго выконваць", — дадаў камандуючы, паведамляе БелаПАН.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя