Урокі гісторыі Халакоста разглядаюцца на пасяджэнні круглага стала ў Брэсце. Мерапрыемства арганізавана гарадской яўрэйскай абшчынай "Брыск" і прысвечана 65-годдзю трагедыі яўрэяў Беларусі.
Як паведаміў БелаПАН старшыня праўлення абшчыны Барыс Брук, у ім бяруць удзел прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі горада, навучэнцы, члены мясцовай яўрэйскай абшчыны.
На пасяджэнні прадстаўленыя новыя даследаванні вучоных ВНУ абласнога цэнтра, якія займаюцца вывучэннем катастрофы яўрэйства. Тэмы іх работ — "Халакост і ключавыя ўдзельнікі антыфашысцкай кааліцыі"; "Трагедыя яўрэйскага народа ў грамадскай думцы студэнтаў"; "Брэсцкая яўрэйская абшчына напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны", "Халакост у кантэксце сучасных палітычных рэалій у Рэспубліцы Беларусь"; "Катастрофа: некаторыя аспекты гуманітарнага вымярэння".
Паводле слоў Б.Брука, у кастрычніку 2007 года гарадской яўрэйскай абшчынай праводзілася аналагічнае мерапрыемства, якое выклікала цікавасць у жыхароў Брэста, а таксама гісторыкаў вобласці.
Як зазначыў Б.Брук, у канцы верасня — пачатку кастрычніка ў Брэсце праходзіла выстава на тэму Халакоста "65 гадоў трагедыі яўрэйскага народа". На ёй экспанавалася 60 работ мастакоў Брэсцкай вобласці, якія ў чэрвені гэтага года бралі ўдзел у пленэры, арганізаваным па ініцыятыве яўрэйскай абшчыны Пінска.
12 кастрычніка памятныя мерапрыемствы пройдуць ва ўрочышчы Бронная Гара ў Бярозаўскім раёне, дзе ў 1941—1942 гадах фашысты расстралялі больш за 50 тысяч яўрэяў, у тым ліку 26 тысяч вязняў Брэсцкага гета. 15 кастрычніка мерапрыемствы ў абласным цэнтры будуць прымеркаваныя да 66-й гадавіны з дня знічшэння Брэсцкага гета, паведамляе БелаПАН.






