11-10, 13:58

У Мінску адкрылася выстава "Пакроўскі кірмаш"

Духоўна-асветная выстава "Пакроўскі кірмаш" адкрылася 11 кастрычніка ў сталічным Палацы мастацтва. Яе арганізатары — Беларуская праваслаўная царква і выставачнае таварыства "Экспафорум".

Асноўныя задачы выставы — адраджэнне праваслаўнай культуры ў Беларусі, дапамога ў аднаўленні храмаў і манастыроў, адраджэнні царкоўных рамёстваў, а таксама духоўна-маральная асвета і выхаванне дзяцей і дарослых.

На выставе прадстаўлена праваслаўная літаратура, аўдыёвізуальная прадукцыя для дарослых і дзяцей, іконы, прадметы царкоўнага ўжытку і храмавага ўбрання, сувеніры і падарункі да святаў, вырабы майстроў традыцыйных народных промыслаў ад манастыроў, праваслаўных прыходаў, выдавецтваў з розных куткоў Беларусі, Расіі, Украіны. Арганізаваны раздзел "Трапеза", дзе можна пазнаёміцца са стравамі праваслаўнай кухні, набыць выпечку, травы, мёд і лячэбныя прадукты пчалярства.

Выстава таксама прадугледжвае духоўна-асветную праграму, у тым ліку штодзённыя сустрэчы са святарамі, дзеячамі культуры, лекторыі, прагляды відэафільмаў духоўнай тэматыкі, майстар-класы званароў і народных майстроў.

13 кастрычніка, напярэдадні дзяржаўнага Дня маці, на выставе адбудзецца цырымонія ўзнагароджання мнагадзетных маці, падрыхтаваная Беларускай праваслаўнай царквой і Беларускай асацыяцыяй мнагадзетных бацькоў.

У праграме выставы — мерапрыемствы для аматараў паэзіі і музыкі, у тым ліку вечар духоўнай паэзіі і аўтарскай песні "Пад покрывам нябёсаў", арганізаваны духоўна-асветнай газетай "Воскресение".

Будзе арганізавана дзіцячая праграма, якая ўключае прагляды мастацкіх і мультыплікацыйных фільмаў, гульнёвую праграму "У гасцях у казкі", падрыхтаваную выдавецтвам беларускага экзархата, сустрэчы з пісьменнікамі.

Выстава будзе доўжыцца да 19 кастрычніка, паведамляе БелаПАН.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя