За дзевяць месяцаў дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны выявіў у Беларусі 199,6 тыс. парушэнняў заканадаўства аб працы і ахове працы.
Як паведамляецца на афіцыйным сайце Мінпрацы, з-за парушэнняў патрабаванняў аховы працы забаранялася праца 21 цэха, 382 вытворчых участкаў і 9 тыс. 658 станкоў, машын і іншага вытворчага абсталявання, эксплуатацыя якога стварала пагрозу жыццю і здароўю работнікаў.
Па патрабаванні дзяржаўных інспектараў працы адхілены ад працы ў адпаведнасці з артыкулам 49 Працоўнага кодэкса 9 тыс. 572 чалавекі.
Да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу прыцягнуты 6 тыс. 773 службовыя асобы. Агульная сума спагнанняў склала 1 млрд. 739 млн. 130 тыс. рублёў. Апрача таго, на 3 млрд. 23 млн. 100 тыс. рублёў аштрафаваны 4 тыс. 501 наймальнік.
Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы таксама праводзіў праверкі выканання заканадаўства аб працы ў частцы выплаты месячнай мінімальнай заработнай платы ў арганізацыях недзяржаўнай формы ўласнасці. Па выніках праверак выяўлена 13 арганізацый, якія дапусцілі парушэнні. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты кіраўнікі дадзеных арганізацый з прымяненнем санкцый у выглядзе штрафу на 5,3 млн. рублёў. Выяўлена таксама 88 арганізацый, якія не выконвалі патрабаванні дэкрэта прэзідэнта Беларусі ад 18 ліпеня 2002 г. № 17 у частцы парадку прымянення Адзінай тарыфнай сеткі работнікаў краіны пры ўстанаўленні аплаты працы работнікаў. Вынесена 88 пастаноў аб прыцягненні службовых асоб арганізацый да адміністрацыйнай адказнасці з прымяненнем санкцый у выглядзе штрафу на суму 38,9 млн. рублёў, паведамляе БелаПАН.






