Шаснаццацігадовая беларуска Таццяна Казыра вырашыла вярнуцца з ЗША ў Беларусь.
Як паведамляе прэс-служба Міністэрства замежных спраў Беларусі, 20 лістапада ў МЗС паступіла афіцыйная заява Надзеі Новік, бабулі і апекуна Т.Казыры. У лісце гучыць просьба "прыняць неабходныя меры па найхутчэйшым вяртанні" Т.Казыры ў Беларусь. Бабуля пацвердзіла, што дзяўчына прыняла "адназначнае рашэнне вярнуцца на радзіму".
Як зазначана ў паведамленні прэс-службы, у сваёй заяве Н.Новік "выказвае заклапочанасць", што сям'я Запата, дзе жыве дзяўчына, перашкаджае яе вяртанню ў Беларусь і забараняе ёй звязвацца па тэлефоне з беларускім консулам. "Гэтыя дзеянні сям'і Запата апякун Таццяны кваліфікуе як незаконнае ўтрыманне на тэрыторыі ЗША сваёй непаўналетняй падапечнай, — падкрэсліваеца ў паведамленні. — Нягледзячы на забарону сям'і Запата, прадстаўнік МЗС змог звязацца па тэлефоне з Таняй, якая пацвердзіла яму настойлівую просьбу дапамагчы ёй як мага хутчэй вярнуцца дамоў".
Беларускі бок плануе афіцыйна звярнуцца да кампетэнтных органаў ЗША з патрабаваннем прыняць неабходныя меры па забеспячэнні вяртання Т.Казыры ў Беларусь.
Як раней паведамляў БелаПАН, 5 жніўня Т.Казыра, якая знаходзілася ў ЗША на аздараўленні паводле чарнобыльскай праграмы, разам з групай беларускіх дзяцей павінна была вылецець з Сан-Францыска ў Мінск, аднак у прызначаны час не прыбыла ў аэрапорт. Пазней стала вядома, што дзяўчына падала ў іміграцыйную службу дакументы для прадаўжэння гасцявой візы і застаецца ў ЗША, каб дачакацца рашэння ўладаў.
У ЗША быў камандзіраваны супрацоўнік МЗС Беларусі Павел Шыдлоўскі, які некалькі разоў сустракаўся з Т.Казырай, але тая адхіліла прапанову вярнуцца на радзіму.
У сям'ю Запата барысаўчанка прыязджала дзевяць гадоў запар.
У сувязі з гэтым інцыдэнтам Беларусь прыпыніла праграмы аздараўлення беларускіх дзяцей за мяжой.
13 кастрычніка прэзідэнт Беларусі падпісаў указ, згодна з якім беларускія арганізацыі змогуць накіроўваць дзяцей на аздараўленне толькі ў тыя дзяржавы, з якімі Беларусь заключыла міжнародныя дагаворы, што прадугледжваюць дзяржаўныя гарантыі бяспечнага знаходжання беларускіх дзяцей на аздараўленні ў гэтай краіне і іх своечасовае вяртанне. На аздараўленне за мяжу змогуць выязджаць дзеці да 14 гадоў і не больш за тры разы ў адну і тую ж замежную дзяржаву. Выключэнне складае выезд у тыя замежныя дзяржавы, з якімі Беларусь заключыла міжнародныя дагаворы да 1 кастрычніка 2008 года, паведамляе БелаПАН







Каментары