Кіраўніцтва Камітэта дзяржаўнай бяспекі адмовіла актывістам Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ў іх просьбе азнаёміцца з экспазіцыяй Гісторыка-дэманстрацыйнага цэнтра камітэта.
10 лістапада старшыня таварыства Антон Астаповіч звярнуўся да старшыні КДБ Вадзіма Зайцава па праблеме наведвання музея камітэта прадстаўнікамі грамадскасці, сярод якіх гісторыкі, краязнаўцы, журналісты, навукоўцы, пісьменнікі, праваабаронцы, былыя рэпрэсаваныя і іх родзічы. У лісце паведамлялася, што на працягу 2008 года грамадскае аб'яднанне неаднаразова звярталася да кіраўніцтва камітэта з просьбай дазволіць наведванне музея КДБ групе актывістаў БДТАПГК.
"На звароты былі атрыманыя адмоўныя адказы, матываваныя правядзеннем у цэнтры рамонтных работ і ўдасканаленнем экспазіцыі. Прапановы пра фінансавую падтрымку рамонтных работ з боку грамадскасці і метадычную дапамогу ў экспазіцыйных працах з боку кваліфікаваных сяброў таварыства былі адхілены", — гаварылася ў лісце.
Яго аўтар нагадаў, што апошнім часам СМІ паведамлялі пра наведванне Гісторыка-дэманстрацыйнага цэнтра прэзідэнтам Беларусі; інфармацыя аб працы музея з'яўлялася на афіцыйным сайце КДБ, ёсць звесткі пра наведванне цэнтра студэнтамі музеязнаўчых аддзяленняў беларускіх ВНУ.
У сваім адказе кіраўніцтва КДБ паведаміла, што пасля заканчэння запланаваных работ па стварэнні дадатковых раздзелаў экспазіцыя Гісторыка-дэманстрацыйнага цэнтра КДБ "набыла закрыты характар". "Цяпер яна разлічана галоўным чынам для выкарыстання ў мэтах прафесійнай падрыхтоўкі супрацоўнікаў органаў дзяржаўнай бяспекі, вывучэння гісторыі і вопыту айчынных спеслужб", — гаворыцца ў лісце.
На думку А.Астаповіча, гэты адказ сведчыць пра тое, што КДБ "хавае ад грамадства сваю гісторыю і свой вопыт", паведамляе БелаПАН







Каментары