У сувязі з расследаваннем справы аб выбуху ў Мінску ў старшыні Драгічынскай (Брэсцкая вобласць) раённай арганізацыі Партыі БНФ 64-гадовай Галіны Паўлавай і яе 19-гадовага сына Кірыла Мысліўца, які таксама знаходзіцца ў партыі, супрацоўнікі міліцыі ўзялі адпячаткі пальцаў і ўзоры слюны.
Як паведаміла Г.Паўлава, тры супрацоўнікі праваахоўных органаў прыйшлі ў дом у Драгічыне 11 ліпеня каля 15.00. Адзін з іх прад'явіў пасведчанне супрацоўніка крымінальнага вышуку. Міліцыянеры патлумачылі, што ў сувязі з расследаваннем акалічнасцей выбуху ў Мінску ў ноч на 4 ліпеня ў Паўлавай і яе сына неабходна ўзяць адпячаткі пальцаў і ўзоры слюны.
Гэтае патрабаванне стала поўнай нечаканасцю для Галіны Паўлавай. Каментуючы сітуацыю, старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Партыі БНФ Дзмітрый Шыманскі выказаў здзіўленне наконт таго, што "пошукі злачынцы прывялі міліцыю да пажылой жанчыны ў раённы цэнтр".
"На гэты час гэта першы ў рэгіёне выпадак кантакту супрацоўнікаў праваахоўных органаў з нашымі актывістамі па справе аб выбуху ў Мінску. І, спадзяюся, апошні", — дадаў палітык.
Нагадаем, паводле звестак праваабаронцаў, у межах крымінальнай справы па факце выбуху ў Мінску ўжо затрыманы як мінімум 12 актывістаў апазіцыі. У многіх рэгіёнах апазіцыянераў выклікалі ў міліцыю, у іх праводзіліся вобыскі.
У МУС і КДБ каментаваць гэтую інфармацыю адмаўляюцца, паведамляе БелаПАН.






