Праваахоўныя ворганы Брэстчыны аказваюць ціск не толькі на жадаючых стаць кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, але і на назіральнікаў доўгатэрміновага назірання. Прыклад таму - сябра партыі БНФ, інжынер-канструктар Камбіната селікатных вырабаў, Сяржук Русецкі з Бярозы.
Русецкі атрымаў позву, што павінен 14 ліпеня ў дзесяць гадзін раніцы з’явіцца ў Кобрынскую міжраённую ўправу Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта Дзяржкантроля Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці да выконваючага абавязкі кіраўніка аператыўнага аддзялення спадара Тумановіча. У якасьці каго і па якой справе - не удакладняецца. На позве толькі паведамляюцца застрашальныя вынікі неяўкі.
Як стала вядома з тэлефоннай размовы з Сяржуком Русецкім, яму трэба запоўніць дэкларацыю аб прыбытках.
Ганна Васілевіч, Радыё Рацыя, Кобрын






