21-07, 15:55

У Кобрыне працягваецца ціск на кандыдыта ў дэпутаты ад спісу АДС Аляксандра Меха

У Кобрыне працягваецца ціск на актывіста Партыі БНФ, кандыдыта ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад спісу Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Меха. Акрамя самога палітыка, пад пільны кантроль уладаў трапілі і сябры яго ініцыятыўнай групы.

Сябар Партыі БНФ, інжынер Аляксандр Мех быў звольнены з працы 30 чэрвеня за тое, што меў намер вылучацца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад спісу АДС. Пра гэта палітыку ў адкрытую заявіў начальнік Кобрынскага упраўлення участка магістральных газаправодаў ААТ “Белтрансгаз” у прытунасці раённага куратара КДБ.

Аднак звальненнем праблемы Аляксандра Меха не скончыліся. Пасля таго, як ён перадаў у акруговую камісію спіс сваёй ініцыятыўнай групы, міліцыянеры пачалі ціснуць і на паплечнікаў актывіста. У панядзелак раніцай Аляксандра Меха, разам з сябрам ініцыятыўнай групы Алесем Страчуком, а таксама сябрам акруговай камісіі Яўгенам Лук’янчанкам выклікалі ў адзел крымінальнага вышуку Кобрынскага РУУС на незвычайную размову, якая больш нагадвала апытанне па выбуху ў Мінску:

- Гэта была такая анкета, у якой было пазначана маё прозвішча, імя па бацьку і імя. Таксама былі дадзеныя, якая ў нас машына, ці ёсць у нас знаёмыя ў Мінску, ці ёсць у нас знаёмыя вайскоўцы альбо людзі, якія могуць мець зброю
, - распавёў  журналісту Рацыі Аляксандр Мех.

У РУУД Аляксандру Меху і яго паплечнкіам прапанавалі здаць адбіткі пальцаў і ўзор сліны на аналіз ДНК. Адбіткі пальцаў актывіст здаў, а сліну здаць адмовіўся:

- Гэты аналіз можа праводзіць толькі судмедэкперт, а не звычайны міліцыянер. І рабіць такі складаны аналіз можна толькі ў адпаведнай медычнай установе.

Аляксандр Мех лічыць, што патрабаваць аналізу ДНК міліцыянеры могуць толькі ў тым выпадку, калі ў іх ёсць сур’ёзныя падазрэнні на датычнасць чалавека ў здзяйсненні цяжкага злачынства. Актывіст мае намер звярнуцца ў пракуратуру са скаргай на неправамерныя дзеянні ўладаў.

Раней Аляксандр Мех ужо накіроўваў скаргі ў пракуратуру на сваё незаконнае звальненне і перавышэнне паўнамоцтваў начальнікам мясцовага упраўлення “Белтрангазу”, а таксама кіраўніком кобрынскага раённага КДБ. Адказ на свае скаргі Аляксандр Мех пакуль не атрымаў.

Кастусь Вансяцкі, Радыё Рацыя, Мінск.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя