21 ліпеня не стала апошняга сябра Саюза беларускай моладзі, адданага змагара за незалежнасць Беларусі, 82-гадовага жыхара Баранавіч Пятра Рашэтніка. Сёння дэмакратычная грамадскасць Баранавіч прымае актыўны ўдзел у пахаванні гэтага мужнага чалавека. Пётр ня меў нашчадкаў.
Пётр Рашэтнік падчас Другой сусветнай вайны скончыў Наваградскую беларускамоўную гімназію. У 1944 годзе служыў у беларускім эскадроне Васіля Рагулі, які абараняў беларускія вёскі ад немцаў і партызан. Калі прыйшлі саветы, яго забралі ў Чырвоную армію. Вайну скончыў у Аўстрыі. Але ў 1945 годзе быў арыштаваны і асуджаны на 25 год лагероў. Пакаранне адбываў у Інце, дзе пазнаёміўся з беларускай паэткай і сакратаром Рады БНР Ларысай Геніюш, з якой да канца яе жыцця падтрымліваў сувязь. Пасля яе смерці ўласнаручна зрабіў агароджу на магіле паэткі.
У часы Хрушчоўскай адлігі Пётр Рашэтнік быў вызвалены датэрмінова, але так і застаўся нерэабілітаваным. Да самай смерці ўлада не давярала беларускаму патрыёту, ён знаходзіўся пад пільным вокам КДБ. Інакш да яго ставілася нацыянальная інтэлігенцыя Баранавіч – любіла, паважала, наладжвала з ім сустрэчы. Сяргей Ёрш напісаў пра Рашэтніка кнігу. Беларускі патрыёт да канца свайго жыцця не прызнаваў ні савецкай, ні цяперашняй улады.
Ганна Васілевіч, Радыё Рацыя, Брэская вобласць.