Сябра аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Наздру заўтра павінны былі забраць на вайсковыя зборы. Сам актывіст звязваў гэта з тым, што ўлады планавалі яго выключыць з грамадскага жыцця падчас падрыхтоўкі да пачатку выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў.
Сёння Наздру выклікалі ў ваенкамат, дзе паведамілі, што ён ужо не цікавіць вайскоўцаў, бо ніколі не служыў па сваёй вайсковай спецыяльнасці, то бок кухарам.
Пры гэтым ваенкам заявіў Паўлу, што актывіст парушыў заканадаўства, бо не паведаміў у ваенкамат пра нядаўнюю змену працоўнага месца. З гэтай дзіўнай нагоды на Паўла Наздру там жа быў складзены пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні.
Аляксей МІНЧОНАК




