У Гомельскім абласным судзе завершаны разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да лідэраў і ўдзельнікаў злачыннай арганізацыі “пажарнікі”.
Шэсць жыхароў Гомеля прызнаны вінаватымі ў стварэнні злачыннай арганізацыі і кіраўніцтве ёю, удзеле ў вымаганнях, рабаўніцтвах, махлярстве, прычыненні цяжкіх цялесных пашкоджанняў, знішчэнні маёмасці грамадска небяспечым спосабам, што пацягнула смерць двух чалавек па неасцярожнасці.
Як паведаміў дзяржаўны абвінаваўца Эдуард Мядзведзеў, мінімальнае пакаранне - дзевяць гадоў і адзін месяц пазбаўлення волі - атрымаў удзельнік злачыннай арганізацыі, максімальнае - 15 і 15 з паловай гадоў пазбаўлення волі - прызначана асобам, якія прызнаны судом лідэрамі групоўкі. Адзін год абмежавання волі атрымала жанчына, у якой хаваўся член групоўкі.
Пацярпелымі па крымінальнай справе праходзілі больш за 60 чалавек, у асноўным таксісты, прадпрымальнікі рынку “Цэнтральны”, а таксама чатыры чалавекі, якіх злачынцы махлярскім шляхам пазбавілі кватэр. Паводле дзяржабвінаваўцы, у жніўні 2000 года ў Гомель прыехалі грамадзяне Азербайджана для продажу на рынку дынь і кавуноў. “Пажарнікі” прапанавалі ім заплаціць даніну, азербайджанцы не згадзіліся, у выніку ноччу іх машыну з прадуктамі падпалілі. Бандыты не ведалі, што ў аўтамабілі знаходзіліся два чалавекі, якія загінулі ў агні.
Паводле слоў пракурора, у СІЗА знаходзяцца яшчэ два чалавекі, у пачатку чэрвеня экстрадаваныя з Масквы. Ім таксама выстаўлена абвінавачанне ў стварэнні злачыннай групоўкі.
Сваякі асуджаных заявілі ў інтэрв'ю БелаПАН аб “неапраўдана вялікіх, несуразмерных з учыненымі злачынствамі тэрмінах пазбаўлення волі”.
- Больш за 10 гадоў таму мужчыны вымагалі з таксістаў даніну - па пяць долараў. Няўжо за гэта трэба даваць па 15 гадоў? Суд быў закрытым, бо міліцыя не хоча, каб грамадскасць бачыла, што фактычна доказаў няма. Напрыклад, аднаму са сведак на той час было 12 гадоў, але ён сцвярджае, што мой брат быў лідэрам “пажарнікаў”. Калі бандыты дзейнічалі ў горадзе 12 гадоў, дык куды глядзелі праваахоўныя органы? – кажа брат аднаго з асуджаных.
У 2006-2007 гадах быў вынесены прысуд 46-і “пажарнікам”. Злачынная групоўка была арганізавана ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Члены групоўкі займаліся вымаганнямі на рынку “Цэнтральны” і іншых гандлёвых кропках, кантралявалі валютчыкаў, прастытутак, таксістаў.




