07-07, 21:02

Таварыства аховы жывёл заклікае звярнуць увагу на праблему бяздомных жывёл

Грамадскае аб'яднанне аховы жывёл "Фенікс" заклікае старшыню Гомельскага гарвыканкама Аляксандра Бяляева звярнуць увагу на праблему жорсткага знішчэння бяздомных жывёл.

Як паведаміла БелаПАН член савета ГА "Фенікс" Ала Пажарыцкая, адпаведны ліст на імя А.Бяляева накіраваны 7 ліпеня. У ім паведамляецца, што кошак і сабак, злоўленых на вуліцах Гомеля кіналагічнай службай прадпрыемства "Спецкамунтранс", забіваюць разрадам электратоку, у выніку чаго жывёлы доўга пакутуюць. Грамадскія абаронцы робяць акцэнт на тым, што гэты спосаб нявыгадны эканамічна: на лоўлю і знішчэнне кошак і сабак з гарадскога бюджэту ідуць вялікія сумы, але колькасць безнаглядных жывёл не скарачаецца.

"Мы ўжо некалькі гадоў беспаспяхова звяртаемся да ўладаў, — заўважыла А.Пажарыцкая. Наша аб'яднанне прапануе не забіваць, а стэрылізаваць бадзяжных жывёл. Гэтым мы і займаемся апошнія гады, але не маем столькі сродкаў, каб разгарнуць маштабную праграму. Калі б грошы падаткаплацельшчыкаў, якія ўлады трацяць на жорсткую і беспаспяховую вайну з бяздомнымі братамі меншымі, перадалі нам, мы б ужо даўно стэрылізавалі ўсіх безнаглядных кошак і сабак Гомеля і пазбавілі б горад ад гэтай праблемы".

У кіналагічным цэнтры "Спецкамунтранса" БелаПАН паведамілі, што кожны дзень у Гомелі адлоўліваюць ад 20 да 30 сабак і кошак. На думку работнікаў цэнтра, знішчэнне жывёл электротокам не з'яўляецца жорсткім спосабам, у той час як праводзіць стэрылізацыю або ўсыпленне ўколам праблематычна.

У цэнтры таксама зазначылі, што колькасць брыгад па адлоўліванні безнаглядных жывёл у 2007 годзе была скарочана да трох — менавіта з гэтым фактам звязваюць рэзкі скачок зафіксаваных у Гомелі выпадкаў шаленства. Цяпер у цэнтры працуюць чатыры брыгады, найбліжэйшым часам будзе ўкамплектавана пятая, паведамляе БелаПАН.
 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя