07-07, 21:48

Гомельскага каардынатара аргкамітэта БХД Канстанціна Жукоўскага выклікаюць у міліцыю ў сувязі з выбухам у Мінску

Гомельскі каардынатар па стварэнні грамадскага аб'яднання "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Канстанцін Жукоўскі атрымаў позву ў АУС Цэнтральнага раёна. У позве адзначана, што 8 ліпеня яму неабходна з'явіцца да оперупаўнаважанага крымінальнага вышуку для гутаркі.

Раніцай 7 ліпеня К.Жукоўскаму патэлефанавалі з міліцыі і патлумачылі, што выклікаюць яго для апытання наконт выбуху 4 ліпеня ў Мінску. "Позва аформлена няправільна, там не ўказана, у якасці каго мяне выклікаюць — сведкі, пацярпелага або падазронага, што такое "гутарка", я не разумею, — зазначыў у інтэрв'ю БелаПАН К.Жукоўскі. — Я ў міліцыю не пайду, няхай хаця б позвы афармляюць правільна. Мне, як грамадзяніну, павінны былі пад роспіс уручыць позву і растлумачыць, у якасці каго мяне выклікаюць. Калі я ў апазіцыі — гэта не значыць, што я ў чымсьці вінаваты або павінен быць хлопчыкам для біцця".

Палітык мае намер балатавацца ў дэпутаты беларускага парламента па Буда-Кашалёўскай акрузе і званок з міліцыі звязвае з імкненнем уладаў аказаць на яго псіхалагічны ціск.

У аддзеле крымінальнага вышуку АУС Цэнтральнага раёна БелаПАН адмовіліся каментаваць прычыны выкліку К.Жукоўскага ў міліцыю і спаслаліся на тое, што маладога чалавека выклікаюць проста пагутарыць. Супрацоўнікі вышуку зазначылі, што выклікі ў міліцыю — дзейнасць праваахоўных органаў, і міліцыя не абавязана асвятляць абставіны следства ў прэсе, паведамляе БелаПАН.

 

 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя