Увод у эксплуатацыю першага пускавога комплексу Мірскага замка плануецца ў гэтым годзе. Аб гэтым сёння на калегіі Міністэрства культуры Беларусі паведаміў начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ведамства Віктар Рымашэўскі.
У склад першага пускавога комплексу ўваходзяць усходні корпус, падземны тэхналагічны ўзровень, капліца-пахавальня Святаполк-Мірскіх, старожка і іншыя аб'екты.
Віктар Рымашэўскі адзначыў, што цяпер на рэканструкцыі помніка архітэктуры XVI-XX стагоддзяў - замкавага комплексу ў пасёлку Мір не хапае рабочых будаўнічых спецыяльнасцей, у тым ліку 20 аддзелачнікаў, 5 цесляроў, 6 муляроў, 4 страхароў.
Цяпер генеральны падрадчык "Мінскрэстаўрацыя" сумесна з субпадраднымі арганізацыямі завяршае работы па ўсходняму корпусу замка (інтэр'еры гасцініцы), падземнаму тэхналагічнаму ўзроўню, кансервацыі і рэстаўрацыі руінаваных фундаментаў кухні XVIII стагоддзя, добраўпарадкаванню ўнутранага дворыка замка.
На будынку капліцы-пахавальні князёў Святаполк-Мірскіх адрэстаўрыраваны фасады, праведзены мантаж купала, вокнаў і вонкавых дзвярэй, ідуць унутраныя аддзелачныя работы, кансервацыя графічных выяў у інтэр'ерах.
Завяршаецца наладжванне архітэктурна-дэкаратыўнай падсветкі ўнутранага дворыка замка, фундаментаў пад агароджы тэрыторыі замкавага комплексу. На завяршальную стадыю выходзяць работы ў паўночна-ўсходняй, паўночна-заходняй і цэнтральнай вежах па добраўпарадкаванню тэрыторыі, наладжванню вонкавага асвятлення тэрыторыі і падсветкі будынкаў. Прадаўжаюцца работы на паўночным корпусе замка, будаўніцтва кантрольна-прапускнога пункта.
Рэстаўрацыя замкавага комплексу ў пасёлку Мір павінна быць завершана да 1 студзеня 2010 года, паведамляе БЕЛТА.






