Дзяржаўны пагранічны камітэт мае намер актывізаваць ідэалагічную работу з насельніцтвам прыгранічных раёнаў. Аб гэтым па выніках семінара-нарады з ідэалагічным актывам Гродзенскай вобласці "Рэалізацыя дзяржаўнай пагранічнай палітыкі сродкамі ідэалагічнай работы", праведзенага сёння ў Гродне, паведаміў журналістам намеснік старшыні ДПК Алег Абызаў.
"Сучаснасць прад'яўляе новыя выклікі і пагрозы ў пагранічнай прасторы, - адзначыў ён. - Спробы маніпуліравання праз інфармацыйнае ўздзеянне праводзяцца ў адносінах да ўсяго насельніцтва Беларусі, аднак жыхары пагранічча адчуваюць яго ў большай ступені".
Крымінальная сітуацыя таксама можа мець сілкаванне, абумоўленае пагранічным размяшчэннем раёнаў.
"Розніца цэн на тавары, каціровак у нашай і суседніх краінах можа падштурхоўваць некаторых грамадзян да проціпраўных дзеянняў, - сказаў намеснік старшыні ДПК. - У паграніччы таксама праяўляюць злачынную актыўнасць асобы, звязаныя з незаконнай міграцыяй, гандлем людзьмі".
Каб проціпаставіць адэкватны адказ названым выклікам, Дзяржпагранкамітэт будзе наладжваць яшчэ больш цеснае ўзаемадзеянне з мясцовымі органамі ўлады, СМІ і насельніцтвам, падкрэсліў Алег Абызаў. Ён дадаў, што ўжо ёсць немалы вопыт такога супрацоўніцтва. Толькі ў Гродзенскай вобласці дзейнічаюць 60 пагранічных добраахвотных дружын, якія аб'ядноўваюць амаль 900 чалавек. З іх дапамогай у 2007 годзе было затрымана 238 парушальнікаў, паведамляе БЕЛТА.






