11-07, 19:17

У Магілёве невядомыя спрабавалі падпаліць дом пастара мясцовай пратэстанцкай абшчыны Віктара Машароўскага

Раніцай 10 ліпеня ў Магілёве невядомыя ўчынілі чарговую спробу падпалу жылога дома, які належыць пастару мясцовай абшчыны "Слова для жыцця" Аб'яднанай царквы хрысціян веры евангельскай у Рэспубліцы Беларусь Віктару Машароўскаму.

У інтэрв'ю ён паведаміў, што ў 3.30 раніцы суседзі разбудзілі яго сям'ю, бо агонь ужо падступаў да даху дома.

"Дзякуючы дапамозе суседзяў нам удалося патушыць ачаг пажару да прыбыцця пажарных", — расказаў пастар. Ён лічыць, што прычынай пажару стаў падпал.

Як зазначыў В.Машароўскі, гэта не першы выпадак падпалу жылога дома з мансардай, у якім жыве яго сям'я з пяці чалавек. 

"Месяц таму, у ноч з 8 на 9 чэрвеня, невядомыя першы раз падпалілі дом. Згарэла мансарда, дах і задняя сценка дома. Пажарныя, якія прыбылі на месца здарэння, прычынай узгарання назвалі "пабочны занос агню". Я лічу, што невядомыя аблілі бензінам заднюю сценку дома і падпалілі яе", — сказаў пастар.

Паводле яго слоў, праз два тыдні спроба падпалу паўтарылася. 

"Раніцай 24 чэрвеня, займаючыся аднаўленнем даху, мы з сябрамі заўважылі сляды гарэння на новых дошках, падрыхтаваных для рамонту будынка. На дошках, ад якіх ішоў пах бензіну, ляжала абпаленая запалка. Ад новага пажару нас выратавала толькі тое, што дошкі былі сырымі і цяжка загараліся", — сказаў В.Машароўскі.

Ён лічыць, што падпалы мог зрабіць "чалавек хворы або апантаны нянавісцю да пратэстантаў".

"Нягледзячы на тое што па маёй заяве міліцыя распачала крымінальную справу па факце падпалу жылога дома, мы робім усё неабходнае, каб не дапусціць новых спроб падпалу і злавіць злачынцу", — падкрэсліў пастар.

Ён жыве ў гэтым доме з 2000 года і ўзначальвае пратэстанцкую абшчыну, якая налічвае каля 50 прыхаджан, паведамляе БелаПАН

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя