Магілёўцы расказваюць новыя падрабязнасьці візыта ў Магілёў Аляксандра Лукашэнкі 18 ліпеня. Нагадаю, Прэзыдэнт Беларусі прыязджаў у абласны цэнтар, каб у другі раз адкрыць адбудаваную ратушу, якую ў першы раз, за два тыдні да яго, адкрыў мэр Магілёва Віктар Шорыкаў.
Жыхарам дамоў у цэнтры гораду загадалі не выходзіць на балконы, зачыніць вокны і завесіць іх фіранкамі. Паводле гаспадыні адной з кватэраў каля Тэатральнай плошчы, ёй загадалі паставіць на падвоканьне ўсе кветкі ў вазонах, і ўваткнулі туды штучныя рамонкі.
Адзін мужчына назваў тое што адбывалася тэрапіяй страху. Супрацоўнікі спэцслужбаў стаялі з рацыямі ледзь не кожныя пяць мэтраў. Адзін чалавек пачаў лаяцца, маўляў, чаго вы сюды наляцелі і ствараеце нязручнасьці. Пры гэтым некалькі разоў ужыў непрыстойныя словы. Праз імгненьне людзі ў цывільным павялі яго ў невядомым напрамку.
Кабета распавяла РАЦЫІ, што яна была ў цырульні ў доме, вядомым як "кітайская сьцяна". Туды прыбеглі супрацоўнікі ў цывільным і сказалі, каб усе ішлі разам зь імі. Раздалі плакаты, якія людзі павінны былі трымаць. Між іншым, некаторых кліентаў цырульнікі ня здолелі да канца дастрыгчы, і яны – недастрыжаныя, з мокрымі валасамі мусілі рушыць на адкрыцьцё Ратушы. Не чапалі толькі тых, якія ў гэты час фарбавалі валасы, бо гэта б выглядала зусім непраўдападобна.
Адзін з кліентаў цырульні пачаў супраціўляцца такому нахабству, тады кдбэшнік дастаў пісталет, схапіўшы мужчыну за вопратку, прыціснуў да сцяны й сказаў: "У цябе няма выбару! " . І чалавек пайшоў на адкрыцьцё ратушы з удзелам прэзыдэнта.
Ян Маўзэр, Радыё Рацыя, паводле www.bulletinonline.org






