15-07, 12:33

У Пухавіцкім раёне апазіцыю выклікаюць на допыты па спісе

У Пухавічкім раёне ў рукі дэмакратычнай грамадскасці патрапілі спісы асобаў, згодна якіх мясцовыя міліцыянеры павінны дапытаць па справе аб выбуху 4 ліпеня ў Мінску. Як паведаміў Рацыі кіраўнік Мінскай абласной арганізацыі ПКБ Сяргей Абразоўскі, у спісе 34 прозвішчы людзей ва ўзросце ад 20 да 73 гадоў. Некаторыя з іх ўжо пабывалі ў следчых органах:

- Ужо пачаліся допыты гэтых 34 чалавек. Больш за тое, іх прымушаюць, пад рознымі падставамі, прайсці дактыласкапічную экпертызу, то бок адбіткі пальцаў  і аналіз ДНК, то бок – здаць слюну. 


Паводле Сяргея Абразоўскага некаторыя актывісты, дазнаўшыся пра існаванне гэтага спісу,  адмовіліся ісці на допыты, і нават запатрабавалі ў супрацоўнікаў міліцыі кнігу скаргаў, каб выразіць свае абражэнне такім падыходам уладаў да дэмакратычнай апазіцыі. Аднак выдаць кнігу міліцыянеры адмовіліся. Тым самым быў парушаны дэкрэт прэзідэнта і закон аб заваротах грамадзянаў. Сам Сяргей Абразоўскі так каментуе дзеянні ўладаў:

- Вяртаюцца назад сталінскія часы 37-х гадоў. І сённяшнія паслядоўнікі тых НКВДыстаў таксама спрабуюць скласці спісы ворагаў народу.

Варта адзначыць, што акрамя сябраў палітычных партый ў чорны спіс увайшлі і грамадзянскія актывісты, якія выступаюць супраць будаўніцтва ў Пухавіцкім раёне пад Мінскам расійскага заводу па вырабу ядахімікатаў “Бел-Август”. Ніякага дачынення да палітыкі гэтыя людзі не маюць. Аднак, як бачым, улады думаюць зусім інакш.

Кастусь Вансяцкі, Радыё Рацыя, Мінск

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя