Прадстаўнікоў дэмакратычных партый і праваабаронцаў выклікаюць у падатковыя органы. Пра гэта БелаПАН паведаміў праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
Паводле яго слоў, падатковыя органы і супрацоўнікаў дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК зацікавілі даходы лідэра Партыі камуністаў Беларускай (ПКБ) Сяргея Калякіна, намесніка старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, лідэра Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоля Лябедзькі, актывіста кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Дзмітрыя Бандарэнкі. Таксама, паводле слоў праваабаронцы, раней дэкларацыі аб даходах павінны былі прадставіць старшыня грамадскага аб'яднання "Беларускі Хельсінкскі камітэт" (БХК) Алег Гулак, члены БХК Таццяна Процька і Дзмітрый Маркушэўскі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі, сам В.Стэфановіч, а таксама члены іх сем'яў.
"Паколькі 11 ліпеня я атрымаў адпаведную позву, я з'явіўся ў дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю па Мінску і Мінскай вобласці 14 ліпеня. Выклік быў дзіўным: я ўжо падаў у падатковую інспекцыю дэкларацыю аб даходах і маёмасці за 2007 год, а таксама аналагічныя дэкларацыі сваякоў. У дэпартаменце ў мяне ўзялі пісьмовыя тлумачэнні аб тым, што дэкларацыя мною была пададзена", — паведаміў В.Стэфановіч.
Паводле яго слоў, не выключана, што такія ж позвы атрымалі іншыя праваабаронцы і палітыкі.
"З гутаркі ў дэпартаменце я зразумеў, што існуе спецыяльны спіс людзей, у якіх будуць запатрабаваныя дэкларацыі аб даходах і праведзены праверкі прадастаўленых звестак", — сказаў В.Стэфановіч, паведамляе БелаПАН




