Адміністрацыя Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" абмяркоўвае магчымасць заключэння прамых дагавораў з расійскімі тэлеканаламі аб пракаце беларускіх кінакарцін. Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар кінастудыі Уладзімір Замяталін 15 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
Паводле яго слоў, расійскія тэлеканалы гатовы падпісаць такія дагаворы тэрмінам прыблізна на пяць-шэсць гадоў. "Калі нам гэта ўдасца зрабіць, то практычна кожны фільм у нас будзе акупным на працягу года", — падкрэсліў гендырэктар кінастудыі.
Разам з тым, паводле яго слоў, сёння актуальная праблема вяртання правоў на беларускія карціны, якія былі "з-пад палы" прададзены ў Расійскую Федэрацыю за невялікія сумы: "тры, чатыры, пяць і восем тысяч долараў". Такіх кінастужак налічваецца каля тысячы. Як зазначыў У.Замяталін, праблемай вяртання правоў на гэтыя карціны цяпер займаецца Міністэрства замежных спраў, Савет міністраў і Міністэрства культуры Беларусі, паведамляе БелаПАН.




